Серада, 24 Сакавік 2021

Журналістку Алену Шабуню аштрафавалі на 870 рублёў за сюжэт з Паставаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алена Шабуня ў судзе Алена Шабуня ў судзе

24 сакавіка суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў журналістку-фрылансерку Алену Шабуню вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП суд аштрафаваў Шабуню на 30 базавых велічынь. Відэаматэрыял, які стаў падставай для абвінавачання, быў размешчаны на сайце тэлеканалу «Белсат».

Справу разбірала суддзя Вераніка Барысава. Паводле пратаколу, 1 лютага Алена Шабуня, знаходзячыся ў Паставах як журналістка замежнага СМІ, парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Не маючы акрэдытацыі, яна нібыта ўзяла інтэрв'ю ва ўладальніка трэнажорнай залы «РэЖым» Віталя Пахомчыка. Раённая міліцыя палічыла, што журналістка незаконна вырабіла рэпартаж, які пазней быў размешчаны на сайце «Белсату».

Віны сваёй Алена Шабуня не прызнала. Патлумачыла, што атрыманне і распаўсюд інфармацыі ёсць неад’емнай часткай правоў чалавека, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія Беларусь узяла на сябе абавязкі выконваць. Абмежаваць гэтыя правы дзяржава можа толькі ва ўмовах надзвычайнага ці ваеннага становішча.

«У выпадку прыцягнення мяне да адміністрацыйнай адказнасці не за змест рэпартажу, а толькі за факт з’яўлення яго ў інтэрнэце, такое рашэнне можна будзе лічыць неабгрунтаваным абмежаваннем права на свабоднае выказванне думкі, права на атрыманне і выраб інфармацыі», – адзначыла Алена Шабуня. Яна папрасіла суд вынесці пастанову аб спыненні справы ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу правапарушэння.

Пры дапамозе праграмы «Вайбер» у судовым паседжанні ў якасці сведкі быў апытаны ўчастковы інспектар па справах няпоўнагадовых Пастаўскага РАУС Ілля Чарняўскі. 1 лютага міліцыянт, знаходзячыся ў службовай машыне, назіраў, як журналісты Шабуня і Лупач сустрэліся з прадпрымальнікам Пахомчыкам. Пасля аналізу сюжэту, размешчанага на «Белсаце» і ў тэлеграм-канале «Паставы для жыцця» быў складзены рапарт і заведзеная адміністрацыйная справа.

У руках Алены Шабуні сведка нібыта бачыў прадмет, адназначна ідэнтыфікаваць яго як мікрафон міліцыянт не здолеў. Але паведаміў, што абодвух журналістаў ведаў раней у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў. Алену Шабуню ў судовым паседжанні Чарняўскі апазнаў.

Пасля аналізу ўсіх акалічнасцяў справы суддзя Вераніка Барысава не ўзяла пад увагу аргументацыю, выказаную Аленай Шабуняй, угледзела ў дзеяннях журналісткі склад правапарушэння і паводле ч. 3 арт. 23. 5 КаАП аштрафавала яе на 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Выплочваць штраф Шабуні давядзецца з пенсіі. Спадарыня Алена патлумачыла суддзі, што з пенсіі ў яе ўжо вылічваюць 20% на штраф, які, па яе сцверджанні, яна ўжо аплаціла. Пасля гэтага на руках застаецца ўсяго 190 рублёў…

Такі самы штраф за той жа матэрыял пра закрыццё трэнажорнай залы ў Паставах раней быў прысуджаны глыбоцкаму журналісту Змітру Лупачу.

С. Горкі