Чацвер, 01 Ліпень 2021

У Віцебску пачаўся чарговы працэс за абразу прадстаўніка ўлады. Журналістаў у залу не пусцілі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Суд Першамайскага раёну Віцебску 1 ліпеня пачаў разглядаць чарговую крымінальную справу, заведзеную за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). На лаве падсудных – віцяблянін Сяргей Ільюшэнка. Нягледзячы на «адкрытасць» працэсу, у залу суду амаль нікога не пусцілі. Журналісты і валанцёры-праваабаронцы засталіся за дзвярыма.

Справу разбірае суддзя Таццяна Родзіна. У лютым і сакавіку 2020 году гэтая ж суддзя разглядала справу цяперашняга палітвязня Уладзіміра Малахоўскага (прысудзіла яму тры з паловай гады калоніі) – на той працэс журналісты і нават сваякі падсуднага таксама трапіць не маглі. У судзе Першамайскага раёну гэта ўжо стала сумнай тэндэнцыяй. Гэтак, зусім нядаўна тут адбыўся разгляд крымінальнай справы па тым жа арт. 369 КК у дачыненні Вадзіма Ермаловіча. Тады, апроч бацькоў падсуднага, у залу запускалі толькі аднаго слухача. На працэс жа Сяргея Ільюшэнкі не пусцілі ніводнага. Суд стаўся па сутнасці закрытым.

На думку віцебскай праваабаронца Ірыны Траццяковай, гэтая з'ява носіць зусім невыпадковы характар, і пандэмія каронавірусу тут зусім ні прычым.

«Яны баяцца публічнасці, таму што з працэсаў зʼяўляюцца фотаздымкі, тысячы людзей бачаць, як затрыманых, яшчэ да вынясення прысуду, заводзяць у суд у позе «ластаўкі». Прыклад таму – Ермаловіч. Тэндэнцыя такая: рабіць усё, каб ніхто нічога не ведаў. Ціхенька засудзіць і пасадзіць. Тады і пытанняў няма. І скаргі ніякай не напішаш. Тады і з «кампетэнтнымі органамі» няма пра што гаварыць, бо праваабаронцы не могуць прывесці нейкія факты і довады пра парушаныя правы», – кажа Ірына Траццякова.

Паводле праваабаронцы, падобная сітуацыя назіралася восенню 2020 году, калі ў горадзе толькі пачыналіся палітычныя працэсы. Многіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў не пускалі ў залы судовых пасяджэнняў, спасылаючыся на каронавірус і цеснату ў памяшканнях. Толькі шматлікія звароты са скаргамі ў Вярхоўны і абласны суды крыху палепшылі сітуацыю. Цяпер яна зноў адкацілася назад – трапіць на суд стала вялікай праблемай.

Праваабаронца раіць пісаць скаргі на дзеянні суддзяў і дамагацца адкрытага разбору справаў.

Падрабязнасці першага судовага паседжання ў справе Сяргея Ільюшэнкі высвятляюцца. Сочым за працэсам.

Уладзімір Бяляўскі