Аўторак, 29 Чэрвень 2021

Жыхарку Лукомля прызналі вінаватай у абразе Чамаданавай. Прысуд абвешчаны

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава

Суд Чашніцкага раёну прызнаў вінаватай 59-гадовую жыхарку аграгарадку Лукомль у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Жанчына ў снежні 2020 году напісала нібыта зняважлівы каментар у дачыненні прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. За гэта ёй прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі», паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.

Паводле матэрыялаў справы, грамадзянка П., знаходзячыся ў аграгарадку Лукомль Чашніцкага раёну, са свайго персанальнага камп'ютара размясціла ў сацыяльнай сетцы зняважлівы каментар у дачыненні прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных спраў. Каментар стаў даступны для прачытання «неабмежаванай колькасці карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт», гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што жанчына на судзе прызнала сваю віну цалкам, раскаялася ва ўчыненым і «добраахвотна кампенсавала прычыненую маральную шкоду».

«З улікам пазіцыі дзяржабвінаваўцы і пададзеных доказаў суд Чашніцкага раёну пастанавіў абвінаваўчы прысуд. На падставе арт. 369 КК суд прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год і 6 месяцаў», – паведамляе абласная пракуратура.

Кампʼютар, які выкарыстоўваўся як сродак учынення злачынства, канфіскаваны на карысць дзяржавы.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.