Панядзелак, 16 Жнівень 2021

Суды Віцебскай вобласці разгледзелі 60 крымінальных спраў за абразы і пагрозы на адрас прадстаўнікоў улады

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Агулам за першае паўгоддзе 2021 году на Віцебшчыне было разгледжана шэсць дзясяткаў крымінальных спраў за публічныя абразы ў Інтэрнэце прадстаўнікоў ўлады, за паклёп, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. На разглядзе ў судах знаходзяцца яшчэ 9 аналагічных спраў.

Для абразаў і пагроз на адрас прадстаўнікоў улады жыхары Віцебшчыны выкарыстоўваюць перш за ўсё розныя телеграм-каналы. У сваіх паведамленнях людзі імкнуцца стварыць адмоўны вобраз прадстаўнікоў праваахоўных органаў, паведаміць сваё негатыўнае стаўленне да іх і іх службовай дзейнасці. Апошнім часам для такіх мэтаў грамадзяне сталі актыўна карыстацца сацсеткай TikTok, выкладваючы туды відэаролікі.

Гэтак зрабіла, напрыклад, жыхарка Верхнядзвінскага раёну, якая ў сацсетцы TikTok у публічным доступе размясціла відэа з абразамі на адрас камандзіра ўзводу ДПС ДАІ Наваполацкага гарвыканкаму Дзяніса Лаўрэнцьева.

Напрыканцы ліпеня 2021 году суд Полацкага раёну прысудзіў жанчыну да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Праваабаронцы нагадваюць пра тое, што, згодна з часткай 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу РБ, за наўмысныя дзеянні, звязаныя з распальваннем расавай, рэлігійнай, або іншай сацыяльнай варожасці, прадугледжваецца максімальнае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Міхась Пісараў