Сяргея Думаву – былога канструктара прамысловых і грамадскіх будынкаў, абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 3 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў і навучанне для ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 1 арт. 13 КК (падрыхтоўка да злачынства), арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Перад пачаткам судовых слуханняў прадстаўніца пракуратуры заявіла хадайніцтва. Яна паведаміла, што ў пракуратуру паступілі сведчанні ад старшага ўпаўнаважанага ГУБАЗіК МУС па Віцебскай вобласці пра тое, што без дазволу суду на інтэрнэт-рэсурсе, які ўказаны ў рапарце, быў размешчаны фотаздымак абвінавачанага Думавы. У сувязі з тым, што фота зробленае без дазволу і апавяшчэння суду, пракурорка папрасіла праводзіць судовае паседжанне ў закрытым рэжыме.
Суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры.
Кіруючыся ч.2 артыкулу 23 КПК і пастановай Вярхоўнага суду «Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя…», суд спаслаўся на тое, што «пры разглядзе судом асабліва цяжкіх злачынстваў, скіраваных супраць грамадскай бяспекі і ў мэтах забеспячэння належнага парадку ў судовым паседжанні і бяспекі ўдзельнікаў працэсу», судовае паседжанне можа праходзіць у закрытым рэжыме.
Суддзя Міхаіл Юрчанка папрасіў усіх прысутных, апроч блізкіх сваякоў, пакінуць судовую залу.
Ян Сведка