Спартовы журналіст, блогер і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін быў асуджаны 19 лютага на два гады калоніі агульнага рэжыму. Суд Савецкага раёну Менску прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Апроч таго, абвінавачанне палічыла, што журналіст на сваім ютуб-канале «ЧестнОК» размяшчаў відэазапісы, заахвочвальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады.
Прысуд Аляксандру Івуліну пракаментаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» вядомы футбольны агент з Віцебску Валеры Ісаеў.
«2 гады калоніі «за відэазапісы заахвочвальнага характару»... Няма сэнсу практыкавацца ў пустой пісаніне. Чакаць можна было толькі больш суровага прысуду. Няўцямныя для розуму радкі прыгавору раздзіраюць на часткі. Паважаю, ганаруся, чакаю», – напісаў Валеры Ісаеў.
Янка Прас