Рашэнне аб пакаранні Руслана Слуцкага прымаў суддзя Андрэй Дзергачоў. Ён падтрымаў прапанову пракуроркі Таццяны Шабекі, якая раней запатрабавала Руслану 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Актам тэрарызму следства палічыла раскіданыя на дарозе не менш за 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». У выніку былі праколатыя шыны чатырох аўтамабіляў. Агулам пацярпелымі ў справе прызнаныя больш за 70 грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу.
Руслан Слуцкі прызнаў віну часткова.
Апроч таго, Слуцкага вінавацілі ў тым, што ў ноч з 27 па 28 кастрычніка 2020 году, «дзейнічаючы наўмысна з прычын палітычнай варожасці», знаходзячыся ў Полацкім раёне на 647-м кіламетры чыгуначнага пуці «замацаваў нарыхтаваны ім фрагмент металічнага дроту, замацаваўшы за клемы рэек чыгуначнага пуці і прывёўшы ў непрыгоднасць сістэму аўтаматычнага блакавання руху». Прычым, па версіі следства, ён «не давёў свой злачынны намер да канца з не залежных ад яго прычын».
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.
Янка Прас