Пятніца, 04 Сакавік 2022

Барда Георгія Станкевіча аштрафавалі на 2 240 рублёў «за пікет на сайце «Віцебскай Вясны»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

Бешанковіцкі паэт і журналіст Георгі Станкевіч, затрыманы сёння ўранні, вярнуўся дахаты пасля суду. Суддзя Наталля Рэут аштрафавала яго на 70 базавых велічынь (2 240 рублёў) за «пікетаванне без дазволу раённай адміністрацыі». Пікетам суд палічыў фотаздымак, размешчаны на сайце «Віцебскай Вясны»: на ім Георгі Станкевіч стаіць на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Паводле міліцэйскага пратаколу, «1 сакавіка ў 18.15 падчас аператыўнай праверкі» супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС Дзяніс Каваленка заўважыў на сайце «Віцебскай Вясны» фотаздымак Георгія Станкевіча. І як той ні спрабаваў тлумачыць, што не ён размяшчаў гэтае фота ў інтэрнэце, пераканаць суд не атрымалася.

«Гэта і не бел-чырвона-белы сцяг як такі, а партыйны сцяг «Народнай Грамады». І фотаздымку гэтаму не менш як 5 гадоў, гэта я выступаў падчас канферэнцыі ў Віцебску. А што да «пікетавання ў інтэрнэце», то ў сеціве ёсць агульнавядомы фотаздымак, дзе побач з бел-чырвона-белым сцягам стаіць Аляксандр Лукашэнка. «Яго таксама будзеце штрафаваць?» – спытаўся я ў суддзі. «Зараз гаворка не пра Лукашэнку, а пра вас», – адказала мне суддзя Наталля Пятроўна Рэут», – расказаў Георгі Станкевіч.

Фотаздымак, які стаў падставай для затрымання і судовага разбіральніцтва, быў архіўны: на сайце «Віцебскай Вясны» ён быў размешчаны побач з антываенным зваротам Георгія Станкевіча. Жыхар вёскі Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну звярнуўся да землякоў, заклікаючы іх любым коштам паспрыяць сканчэнню вайны ва Украіне. Гэты зварот ён апублікаваў на сайце beshankovichy.by, які ўжо некалькі год рэдагуе і дзе апошнімі днямі размяшчае шмат аператыўных матэрыялаў пра напад Расеі на Украіну.

Георгі Станкевіч збіраецца абскардзіць рашэнне Бешанковіцкага райсуду. Дарэчы, ні мабільны тэлефон, ні сістэмны блок камп'ютара, забраныя падчас ператрусу перад ягоным затрыманнем, гаспадару так і не вярнулі.

Эмілія Протас