Анатолю Мацулевічу інкрымінавалі стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому», які МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 26 лістапада мінулага года. Хоць затрымалі Мацулевіча за пяць месяцаў да гэтага — 11 чэрвеня 2021 года. 26 чэрвеня яго ўзялі пад варту ў межах арт. 130 Крымінальнага кодэкса і адправілі ў СІЗА-2. 18 лістапада супраць Анатоля ўзбудзілі яшчэ крымінальную справу па арт. 293 КК. 26 лістапада у Мацулевіча сканчываўся магчымы тэрмін утрымання пад вартай, але следчыя не маглі яго адпусціць, таму была ўзбуджаная крымінальная справа яшчэ па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.
Як гаворыцца ў абвінавачванні, Мацулевіч стварыў 30 красавіка 2020 году тэлеграм-канал «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому»:
"З'яўляючыся яго непасрэдным адміністратарам, дзейнічаючы наўмысна, усведамляючы публічнасць здзяйсняных дзеянняў і жадаючы іх здзейсніць па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, з мэтай уздзеяння на свядомасць і волю дакладна неўстаноўленай колькасці асобаў і карыстальнікаў канала, аб'яднаных агульнымі намерамі і мэтамі, ажыццяўляў кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем да затрымання".
Прадукцыю тэлеграм-канала «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» прызналі экстрэмісцкай 30 ліпеня 2021 года — праз паўтары месяцы пасля затрымання Анатоля. Згодна экспертнаму заключэнню Віцебскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкметаў экстрэмізму, якое маецца ў матэрыялах крымінальнай справы, у інфармацыйнай прадукцыі тэлеграм-канала ўтрымліваюцца "інструкцыі па арганізацыі і здзяйсненню масавых беспарадкаў, падахвочванне да хуліганскіх дзеянняў па матывах палітычнай варожасці, публічныя заклікі да здзяйснення экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама падахвочванне да фізічнага і псіхалагічнага гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі".
Згодна версіі абвінавачвання, Анатоль Мацулевіч з 8 жніўня 2020 года па 16 чэрвеня 2021 года, з'яўляючыся адміністратарам тэлеграм-канала «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни» размяшчаў тэкставыя паведамленні, у якіх утрымліваецца негатыўная ацэнка групы асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, органаў дзяржаўнай улады і іншых асобаў, аб'яднаных па іншым сацыяльным прыкметам, а таксама падахвочванне ў форме прапановы да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды па адносінах да групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце прыналежнасці да супрацоўнікаў міліцыі.
Акрамя таго, у віну мужчыну паставілі ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса за тоем, што ў тэлеграм-канале, адміністратарам якога ён з'яўляўся, размяшчаліся інструкцыі па арганізацыі і здзяйсненню масавых беспарадкаў, сярод якіх быў рэпост "Nexta" "ПАМЯТКА ДЛЯ ПРОТЕСТУЮЩЕГО". Менавіта гэты рэпост і стаў падставай для абвінавачвання па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
У выніку, суддзя Яўген Буруноў прызнаў Анатоля Мацулевіча вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе калоніі тэрмінам на сем з паловай гадоў. 18 красавіка ў Вярхоўным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Мацулевіча, але яе пакінулі без задавальнення. У хуткім часе Анатоля этапуюць у калонію.