Суд прызнаў Юрыя Шчарбакова вінаватым паводле двух адміністрацыйных артыкулаў – 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, вырабніцтва і распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) і 19.11 (Распаўсюд, вырабніцтва, захаванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Першае абвінавачанне тычылася карцінкі з інтэрнэту, якую палачанін некалькі гадоў таму размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, другое – рэпосту матэрыялу з вядомага беларускага парталу, які ў той час яшчэ не быў абвешчаны экстрэмісцкім фармаваннем.
Падтрымаць Юрыя Шчарбакова ў судзе прыйшлі ягоныя знаёмыя і сябры. На працэс меўся трапіць і старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах, таксама жыхар Полацку. Аднак па дарозе яго затрымалі міліцыянты і павезлі дахаты рабіць ператрус.
Такім чынам, Мікалай Шарах апынуўся ў шэрагу затрыманых сёння лідараў недзяржаўных прафсаюзаў: 19 красавіка былі затрыманыя старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, яго намеснік Сяргей Антусевіч, супрацоўніца офісу БКДП Ірына Бут-Гусаім.
Міхась Хмара