Чацвер, 25 Жнівень 2022

Журналістку Таццяну Матвееву асудзілі на 8 сутак за словы Янкі Купалы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя Кастрычніцкага райсуду Уладзімір Царыкаў прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП – за незаконнае пікетаванне шляхам размяшчэння малюнка на фотаздымку ў Фэйсбуку. На малюнку – так званай «рамцы», з ліку прапанаваных сістэмай для ўпрыгожвання фотавыява – былі тры паласы белага і чырвонага колеру і цытата з верша Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца». Суд падтрымаў меркаванне складальнікаў адміністрацыйнага пратаколу пра тое, што такім чынам віцебская журналістка публічна выказвала свае грамадска-палітычныя меркаванні. Таццяну Матвееву ўзялі пад варту адразу па сканчэнні судовага разбіральніцтва.

Працэс над Таццянай Матвеевай распачаўся яшчэ 9-га жніўня, але тым разам суддзя Царыкаў заўважыў памылкі і неадпаведнасці ў дакументах адміністрацыйнай справы і накіраваў яе на выпраўленне ў Кастрычніцкі РАУС. Міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец паўторна склаў пратакол пра правапарушэнне, дзе значылася, што журналістка зладзіла незаконнае пікетаванне, калі размясціла ў Фэйсбуку  фота з малюнкам у белым і чырвоным колерах.

Таццяна Матвеева не пагадзілася з абвінавачаннем. Яна патлумачыла, што белы і чырвоны – гэта нацыянальныя колеры беларусаў, і што нацыянальны сцяг у гэтых колерах не з’яўляецца экстрэмісцкім або забароненым сімвалам. Размяшчэнне фотаздымка з малюнкам у гэтых колерах, на яе думку, ніяк не можа быць прыкметай пікетавання, бо яна не ладзіла вулічную масавую акцыю, нікога не заклікала да нейкіх дзеянняў, а ўсяго толькі прадэманстравана сваю любоў да беларускай культуры, літаратуры і гісторыі.

Выслухаўшы падсудную і сведак з ейнага боку, Уладзімір Царыкаў пастанавіў, што дзеянні Таццяны Матвеевай усё ж падпадаюць пад азначэнне несанкцыянаванага пікету, і пакараў яе арыштам на 8 сутак. Паколькі трое сутак за кратамі яна ўжо адбыла пасля затрымання 28-га ліпеня – у той дзень на журналістку і быў складзены пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП – ёй належыць адбыць у віцебскім ІЧУ яшчэ 5 сутак арышту.

Жанна Жалейка