Аляксея асудзілі за абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале на адрас двух прадстаўнікоў улады. Меру стрымання абвінавачанаму мужчыну тады замянілі з узяцця пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, якую збіраліся адмяніць пасля ўступлення прысуду ў законную сілу. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суда. Арыштаваную маёмасць абвінавачанага Глыбоцкі суд пакінуў пад арыштам.
Але пасля апеляцыйнага пратэсту пракурора Глыбоцкага раёна Ігара Валынца 7 сакавіка Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Глыбоцкага раёна і змяніў Аляксею два гады «хатняй хіміі» на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 60 базавых велічыняў (1920 рублёў).
Паводле апеляцыйнага вызначэння Віцебскага абласнога суда, так званыя злачынствы здзейснены са значным прамежкам у часе паміж імі, што сведчыць аб асобе павышанай сацыяльнай рызыкі абвінавачанага і яго непахіснай, супрацьпраўнай пазіцыі да дзеючай улады.
Там адзначаецца, што змест абразлівых каментароў на адрас прадстаўнікоў улады ў адкрытым доступе стаў даступны для прагляду значнай колькасці гараджан. І ў грамадзян быццам склалася негатыўнае і непраўдзівае ўяўленне пра работу так званых праваахоўнікаў.
“Сваімі злачыннымі дзеяннямі А. не толькі прынізіў аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, але і падарваў прэстыж той кіраўнічай дзейнасці ў дзяржаве, якую ажыццяўлялі ўказаныя прадстаўнікі ўлады”, - гаворыцца ў апеляцыйным вызначэнні Віцебскага абласнога суда.
Такім чынам Аляксею Азарку ўзмацнілі прысуд, і замест двух гадоў «хатняй хіміі» ён атрымаў два гады калоніі.
Сяргей Азёрны