Субота, 15 Красавік 2023

Ларысу Станкевіч, жонку вядомага паэта і барда з Бешанковічаў, прывялі ў суд на ланцугу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

13 красавіка жанчыну аштрафавалі на 1110 рублёў, прызнаўшы вінаватай у распаўсюдзе так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Нібыта яна ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники»у групе «Гісторыя Воршы ў фотаздымках» размясціла «экстрэмісцкія» матэрыялы. За колькі дзён да здарэння Ларыса Станкевіч прасіла дапамогі ў мужа, бо не магла зайсці на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы – відавочна, яе ўзламалі... Гісторыю затрымання жонкі і суду над ёй Георгі Станкевіч апісаў на мясцовым рэгіянальным сайце, які ён адмініструе. Канец аповеду скрушны: пасля таго, што давялося перажыць жанчыне ў Бешанковіцкім РАУС, дактары выявілі ў яе праблемы з сэрцам.

Паводле Георгія Станкевіча, затрыманне адбылося 12 красавіка, і ноч перад судом жанчына, якая мае праблемы са здароўем, мусіла правесці пад вартай. Судзілі Ларысу Станкевіч бліжэй да вечара 13 красавіка, аргументаў пра тое, што старонка была ўзламаная, суд не ўлічыў.

«Мая жонка – чалавек апалітычны. Яна нават не заходзіць на сайт, які вяду я. У яе сваё кола інтарэсаў», – піша паэт і бард. На думку Георгія Станкевіча, які не хавае сваёй грамадзянскай пазіцыі, пераслед жонкі – гэта помста яму асабіста за працу на сайце, дзе друкуюцца неафіцыйныя навіны рэгіёну. Неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне спадар Георгі размясціў на сваім рэсурсе антываенны «Зварот да жыхароў Бешанковіцкага раёнe», які прыцягнуў увагу міліцыянтаў.

«Мая справа закончылася тым, што мяне абвінавацілі ў пікеце пад бел-чырвона-белым сцягам і прысудзілі штраф у памеры 2420 беларускіх рублёў», – прыгадвае Георгі Станкевіч. І зазначае, што іншых прэтэнзій да яго ў сілавікоў быць не можа: «Мяне не могуць абвінаваціць у тым, што я выходзіў на пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Я гэта не рабіў аніводнага разу. А таму ўсе наезды магу разглядаць толькі як барацьбу з іншадумствам і як парушэнне нашай Канстытуцыі, якая гарантуе мне свабоду маёй думкі».

Тое, што здарылася з ягонай жонкай, Станкевіч лічыць правакацыйнымі захадамі супраць яго самога. І звяртае ўвагу на тыя акалічнасці, якія давялося перажыць 62-гадовай жанчыне: «Яе трымалі ноч у халодным пакоі, дзе пастаянна гарэла святло. Праз дзве ці тры гадзіны распраналі дагала, надзявалі на рукі кайданкі і выводзілі ў калідор для вобшуку. У тых жа кайданках і на ланцугу, як небяспечнага злачынцу яе прывялі ў залу суду».

Такое абыходжанне ўразіла нават суддзю Наталлю Рэут, якая загадала міліцыянтам зняць з жанчыны кайданкі, заўважыўшы перавышэнне паўнамоцтваў. Назаўтра пасля суду жанчыну давялося везці ў бoльніцу, дзе дактары паставілі дыягназ: «падазрэнне на інфаркт»

Таццяна Віктарава