Чацвер, 20 Красавік 2023

Затрыманні ў Наваполацку і ў Навалукомлі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сяргей Нарэйка Сяргей Нарэйка

На наваполацкіх прадпрыемствах «Нафтан» і «Палімір» цягам тыдня затрымалі 10 чалавек. Пра гэта паведаміў «нафтанаўскі» закрыты тэлеграм-канал. Затрыманым прысудзілі адміністрацыйныя арышты, і выказваецца меркаванне, што па адбыцці работнікі будуць звольнены. Пра масавыя звальненні даходзяць звесткі і з Навалукомлю: кажуць, што за апошні час каля 100 супрацоўнікаў Лукомскай ДРЭС звольніліся нібыта «па ўласным жаданні», але такі масавы добраахвотны сыход работнікаў не выглядае на натуральную з'яву.

Па інфармацыі праваабаронцаў, на дзяржаўных прадпрыемствах у Навалукомлі днямі затрымалі больш за 10 чалавек. Некаторыя ўжо адбываюць адміністрацыйныя арышты за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) Сярод іх – хірург Сяргей Нарэйка, якому прысудзілі 20 сутак арышту.

Што да Наваполацку, то затрыманых работнікаў найбуйнейшых прадпрыемстваў таксама асудзілі за рэпосты з так званых «экстрэмісцкіх» рэсурсаў і нават за падпіскі іх. Або за фотаздымкі ў сацыяльных сетках, наяўнасць якіх суд кваліфікаваў паводле артыкула 24.23 КаАП ( Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) . Усім затрыманым прысудзілі арышты ад 10 да 30 сутак. Прычым на «Нафтане» і «Паліміры» абмяркоўваюць, што супраць асуджаных па адміністрацыйных справах могуць неўзабаве распачаць і крымінальныя. У прыватнасці, «за абразлівыя выказванні на адрас службовых асобаў высокага рангу».

Міхась Хмара