Судовая калегія пад старшынствам Святланы Бандарэнка пакінула скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла. 21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі.
Пракурор прынёс пратэст, а палітзняволеныя праваабаронцы абскардзілі прысуд. Суд па іх разгляду прызначылі менш, чым за два месяцы.
На судзе стала вядома, што Кароль прасіў змяніць прысуд у частцы прызначэння тэрміну толькі Уладзіміру Лабковічу. На яго думку, прызначэнне Лабковічу пакарання ў выглядзе шасці гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса з'яўляецца няслушным, бо па ім можа быць прызначана пакаранне ад 7 да 12 гадоў. Пракурор настойваў, што суд не выявіў прычын для прызначэння Лабковічу тэрміну ніжэй ніжняй мяжы, прадугледжанага Крымінальным кодэксам. Таму Кароль у сваім пратэсце мяркуе неабходным прызначыць Лабковічу пакаранне паводле часткі 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэкса у выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі. Выніковы тэрмін Уладзіміру Лабковічу, на думку дзяржабвінаваўцы, павінны застацца ранейшым – сем гадоў пазбаўлення волі. Судовая калегія з ім пагадзілася і задаволіла пратэст.
Алеляцыйныя скаргі вясноўцаў і іх абаронцаў пакінуты без задавальнення.
21 красавіка прысуд у адносінах да палітзняволеных праваабаронцаў уступіў у сілу – хутка іх этапуюць у калоніі. У дачыненні да Дзмітрыя Салаўёва, якога асудзілі да 8 гадоў завочна, прысуд уступіў у сілу 3 сакавіка, бо ён не падаваў апеляцыйную скаргу.