Віцяблянку Яну Пінчук затрымалі ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года ў сувязі з абвяшчэннем у вышук па падазрэнні ў адміністраванні пратэстнага тэлеграм-канала "Віцебск 97%". У жніўні 2022-га дзяўчыну этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН.
Паводле следства, дзяўчына пад нікам "Прынцэса Лея" размяшчала паведамленні з "негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады" і публікавала "заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам" і "экстрэмісцкія матэрыялы".
Ёй былі прад“яўлены абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання); ч. 3 арт. 293 (навучанне для ўдзелу ў масавых беспарадках); ч.1 арт. 290-4 (дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі).
3 кастрычніка 2022г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Яну Пінчук палітычнай зняволенай. Праваабаронцы лічаць крымінальны пераслед ураджэнкі Віцебску палітычна матываваным і звяртаюць увагу на тое, што такіх спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.
Станіслаў Іваноўскі