Пятніца, 29 Снежань 2023

За «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы ўлады пакаралі былога работніка Дэпартамента аховы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Міёрскага раёна Ірына Яскевіч 5 снежня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы пастанавіла пакараць штрафам у памеры 925 рублёў дырэктара мясцовай ЖКГ Ігара Войтава. Раней «правапарушальнік» цягам 22 гадоў узначальваў Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС РБ, за што мае медаль «За бездакорную службу» трэцяй ступені.

У судовай пастанове запісана, што Ігар Іванавіч у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» захоўваў інфармацыйную прадукцыю - відэаролікі «Белсата» з адпаведным лагатыпам гэтага ТБ. Раней улады ўключылі прадукцыю гэтага канала ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На судовым паседжанні Войтаў не прысутнічаў, аднак, паводле дадзеных, якія паступілі з мясцовага аддзялення міліцыі, ён пацвердзіў дачыненне да здзейсненага правапарушэння і прызнаў віну.

Таму суддзя Яскевіч на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП падвергла Войтава адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 925 рублёў.

Людміла Тарасава