Субота, 30 Снежань 2023

За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады арыштавалі жыхара Наваполацка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 24 лістапада за распаўсюд у мэсэнджэры «экстрэмісцкай» інфармацыі пакарала адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак мясцовага прадпрымальніка Яўгена Паўлюшына.

У судзе Яўген прызнаў факт рэгістрацыі ў мэсэнджэры «Telegram» і што з вясны 2020 года ён з'яўляўся актыўным удзельнікам розных тэлеграм-каналаў Полацкага рэгіёну, у тым ліку і тэлеграм-канале «Полацак/Наваполацк/Краіна для жыцця/Чат /Свабоду Сяргею Ціханоўскаму ///Полацак Краіна для Жыцця», дзе меў зносіны з аднадумцамі, выкладваў і перасылаў розныя інфармацыйныя матэрыялы, малюнкі і фатаграфіі. Там жа мужчына распаўсюджваў публікацыі, уключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку з «Радыё Свабода», якое мае лагатып з выявай паходні аранжавага колеру.

З улікам прызнання віны і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП суддзя Болоболова падвергла Паўлюшына адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту тэрмінам на дзесяць сутак.

Жанна Цыплаковіч