Субота, 13 Красавік 2024

У "спіс экстрэмістаў" дадалі ўраджэнца Вушачаў Андрэя Пратасевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Апошнія гады беларус працаваў у Расіі, і яго абвяскілі ў міжнародны вышук  за каментар у сацсетцы "Вконтакте"  пра Максіма Міховіча - камандзіра АМАП Брэсцкай вобласці.  23 верасня 2022 г. яго затрымалі ў Маскве і змясцілі пад варту. Як было агучана на судзе ў Брэсце, Генпракуратура Расіі адмовіла ў выдачы Пратасевіча ў Беларусь з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях злачынства па расейскіх законах. Тым не менш, яго выслалі з суседняй дзяржавы па працэдуры "парушэння міграцыйнага заканадаўства" і перадалі ў Беларусь. Тут яго трымалі пад вартай з 7 лістапада 2022г. і да суду 12 студзеня 2023 года.

Паводле праваабаронцаў, да таго часу супраць яго было высунута абвінавачане паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). На судзе Андрэй Пратасевіч сцвярджаў, што ў Маскве ў яго скралі мабільны тэлефон і планшэт, а старонкі ў сацсетках на іх былі адкрытыя, таму пісаць каментары мог хто заўгодна. 

Маецца інфармацыя, што Андрэя Пратасевіча судзілі і яшчэ раз - паводле арт. 368 ч. 1 (абраза Лукашэнкі). Справу разглядаў Быхаўскі раённы суд Магілёўскай вобласці. Ні сутнасць абвінавачання, ні падрабязнасці прысуду не вядомыя. У "экстрэмісцкім спісе», які складае МУС РБ,  пазначана, што мужчына  "адбывае пакаранне". Прозвішча Пратасевіча было дададзена туды 12 красавіка.

 Ната Жолуд