Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.
Яго затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны.
Ужо знаходзячыся за мяжой былы палітзэк даведаўся пра ўзбуджэнне супраць яго спецыяльнай вытворчасці. 1 лістапада 2023 года Гомельскі раённы СК ўзбудзіў новую крымінальную справу. Леаніду інкрымінаваныя часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).
Праваабаронца адразу даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі. Аднак ніхто яму не адказаў: ні следчыя, ні адвакат, якога прызначыла дзяржава.
Затым Судаленка накіраваў абласному суду ў Гомелі хадайніцтвы аб адводзе суддзі і адваката, а таксама заявіў аб сваім удзеле ў справе з дапамогай вэб-канферэнцыі.
Напачатку чэрвеня праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ, каб паўплываць на практыку завочных судоў у краіне.
Праваабаронца плануе цягам 10 дзён пасля абвяшчэння прысуду падаць апеляцыйную скаргу.