Паводле інфармацыі з незалежных СМІ, сілавікі маглі трапіць на выказванні Сяргея Навумава ў сацыяльных сетках, дзе ён падпісаны як «Сергей Монах». На ягоных старонках шмат здымкаў, дзе ён сфатаграфаваны ў байкерскай экіпіроўцы. Вядома таксама, што ён цікавіцца нумізматыкай.
Суд над Сяргеем Навумавым у Віцебскім абласным судзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу, распачатую паводле ч.1 арт.130 КК (Распальванне расавай, нацыянальннай або іншай варожасці і варажнечы) і паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), разбірае суддзя Ігар Макарэвіч.
На гэтым тыдні ў судовых раскладах анансаваны яшчэ некалькі судоў за абразу Аляксандра Лукашэнкі.
Сёння ж у Наваполацкім гарадскім судзе разбіраюць справу Дзмітрыя Шалака. Яго судзяць паводле ч. 1 арт.368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і паводле арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Судовы працэс вядзе Таццяна Хрыпач.
Заўтра, 8 жніўня, у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска пройдзе суд над Ервандам Марцірасянам, якога таксама вінавацяць ч.1 арт. 368 КК. Справу будзе разбіраць суддзя Святлана Кузмічонак.
Ганна Мацюшка