Аўторак, 03 Верасень 2024

Гэты тыдзень на Віцебшчыне пачаўся адразу з дзясятка судоў па "палітычных" адміністрацыйных справах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

10 судовых працэсаў паводле часткі 2 артыкула 19.11 і часткі 1 артыкула 24.23 КаАП заўважаны ў раскладах рэгіянальных судоў вобласці на 2 і 3 верасня.  Прычым большасць судоў  праходзіць па адміністрацыйных справах, распачатых за «пікетаванне ў інтэрнэце» -- за сімволіку, заўважаную у сацыяльных сетках падсудных.

Сёння, 3 верасня, у суд Браслаўскага раёна выкліканы фатограф і відэограф 72-гадовы Іосіф Цапелік. Мужчыну, які жыве ў Паставах, вінавацяць у парушэнні ч.1 арт. 24.23 КаАП, яго справу прызначаны разглядаць суддзя Аляксандр Вязіцкі. Іосіф Цапелік – аўтар шматлікіх фотакраявідаў, таксама на ўласным youtube-канале ён распавядае пра іншыя свае захапленні – пчалаводства і выраб драўлянага посуду.

Адміністрацыйную справу, распачатую па ч.1 арт. 24.23 КаАП разбіраюць сёння і ў Докшыцкім раённым судзе. Старшынюе на працэсе суддзя Дзяніс Корсак, ен судзіць мясцовую жыхарку Наталлю Аўтушка.

Учора, 2 верасня, у судзе Полацка і Полацкага раёна за «пікетаванне ў інтэрнэце» судзілі 44-гадовага кіраўцу-дальнабойшчыка Дзяніса Анцэна. У сацыяльных сетках апошні ягоны візіт датаваны 19 жніўня. Не выключана, што прыкладна тым часам мужчына быў затрыманы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і суд за «парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» - ужо другі паводле адміністрацыйных артыкулаў.

У тым самым судзе ўчора судзілі Дзмітрыя Радзькова. Супраць яго высунута абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. А ў судзе Наваполацка адміністрацыйную справу Ўладзіслава Калтунова ўчора разбірала суддзя Зінаіда Балаболава. Работніка «Нафтана» таксама судзілі за «распаўсюд экстрэмізму».

Паводле Тэлеграм-канала @vitebsk_info , учора ў судах Віцебскай вобласці прайшлі агульным лікам 8 судоў паводле ч.2 арт.19.11 і ч.1 арт. 24.23 КаАП.

Міхаіл Задонскі