Што да выракаў суда першай інстанцыі, якія аспрэчваліся ў Вярхоўным судзе, то вядома толькі пра прысуд Аляксандру Шарабайку – 6 гадоў калоніі. Усіх траіх прызналі вінаватымі, у прыватнасці, у перадачы праваабаронцам і іншым актывістам звестак пра вынікі судоў па палітычна матываваных справах, якія праходзілі ў рэгіёне на працягу трох гадоў - са жніўня 2020 г.
Палітвязень Аляксандр Шарабайка – вядомы ў Глыбокім спартовец і трэнер. Яго неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у акцыях пратэсту і каралі паводле адміністрацыйнага заканадаўства.
16 сакавіка 2023 года ён быў чарговы раз затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» пакараны паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП арыштам на 10 сутак. Аднак пасля адбыцця арышту Шарабайка не выйшаў на волю і быў пераведзены ў СІЗА. Супраць яго распачалі крымінальную справу за абразу А. Лукашэнкі. 14 верасня 2023 года суд Глыбоцкага раёна прызнаў Шарабайку вінаватым паводле арт.368 КК і прызначыў яму пакаранне ў выгладзе пазбаўлення волі 1 год і 6 месяцаў калоніі з агульным рэжымам адбывання пакарання. Прысуд вынес суддзя Андрэй Тарасевіч. Абласны суд пакінуў вырак без зменаў, і Шарабайка быў накіраваны адбываць тэрмін пакарання ў ПК-22 З калоніі яго перавялі ў віцебскі СІЗА-2, бо супраць яго была распачатая новая крымінальная справа. Яе фінурантамі былі таксама Цыбульскі і Стабулянец.
Палітзняволены Дзяніс Цыбульскі – жыхар Паставаў.
5 разоў быў асуджаны за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе – у Мінску і ў Паставах.
22 сакавіка 2023 года быў асуджаны судом Заводскага раёна г. Мінска па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яго справу разглядала суддзя Жанна Хвайніцкая. Дзяніса Цыбульскага асудзілі да «хатняй хіміі». Гэты прысуд ён спрабаваў аспрэчыць, але ў дзень разгляду апеляцыйнай скаргі яго затрымалі за «экстрэмізм у інтэрнэце». Паводле адміністрацыйных справаў, распачатых па ч.2 арт.19.11 КаАП, ён адбыў адзін за адным два адміністрацыйныя арышты – за «лайкі» пад так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» у «Одноклассниках» і за спасылкі «Хартия97». Паводле Цыбульскага, такіх спасылак на ягонай старонцы не было, і справу супраць яго сфабрыкавалі.
23 чэрвеня 2023 года яго прозвішча ўнеслі ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
У верасні 2023 Цыбульскага зноў затрымалі па крымінальным абвінавачанні. У прыватнасці, за тое, што ён назіраў за ходам палітычных працэсаў у судах Віцебшчыны. Па версіі следства, ён перадаваў атрыманыя звесткі прадстаўнікам праваабарончых структур. Суд над па гэтай справе над Цыбульскім прайшоў сёлета ў траўні, пакаранне не вядомае.
Тады ж судзілі і пастаўчаніна Андрэя Стабулянца. Яго таксама вінавацілі ў тым, што дапамагаў праваабаронцам фіксаваць звесткі пра палітычна матываваныя прысуды.
Перад тым Андрэя некалькі разоў затрымлівалі і некалькі разоў судзілі «за распаўсюд экстрэмізму». Таксма падчас затрыманняў распытвалі пра наведванні судоў і пра тое, каму перадаваў інфармацыю. Дома ў Стабулянца некалькі разоў праводзілі ператрусы, таксама міліцыянты вывучалі перапіску ў ягоным тэлефоне.
Найверагодней, знойдзеная такім чынам інфармацыя і стала падставай для крымінальнага пераследу Шарабайкі, Цыбульскага і самога Стабулянца за сувязі з праваабарончымі структурамі.
Мілана Коўш