Пятніца, 20 Верасень 2024

На гэтым тыдні на Віцебшчыне прайшлі 10 судоў па «экстрэмісцкіх» адміністрацыйных справах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Звесткі пра іх вядомыя з адкрытых крыніц. Але не выключана, што наш пералік – далёка не поўны. Бо іншым разам прозвішчы затрыманых «за распаўсюд экстрэмізму» на трапляюць у судовыя расклады, і іх судзяць на працягу 72 гадзін проста ў ізалятары часовага ўтрымання. Ведаюць пра гэта толькі найбліжэйшыя сваякі. І мы раім ім скарыстацца бяспечнай магчымасцю, каб падзяліцца такой інфармацыяй з праваабаронцамі.

16 верасня ў судзе Пастаўскага раёна разбіралі справу 55-гадовага Аляксандра Ціхановіча. Яго вінавацілі па ч.2 арт. 19.11 КаАП ( распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі») і па ч. 1 арт 24.23 КаАП (парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

17 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска судзілі прадпрымальніка Дзмітрыя Цалуйку. Суддзя Уладзімір Царыкаў разглядаў пратаколы, таксама складзеныя міліцыянтамі па двух «народных» артыкулах: ч.2 арт. 19.11 КаАП і ч. 1 арт 24.23 КаАП. Месяц таму, 13 жніўня, той самы суддзя Царыкаў разглядаў папярэднюю адміністрацыйную справу, распачатую супраць Дзмітрыя Цалуйкі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Вынікі судоў удакладняюцца.

У судзе Пастаўскага раёна 17 верасня разбіралі справу, распачатую па ч.2 арт. 19.11 КаАП супраць Ігара Дзіковіча. У сацыяльных сетках 44-гадовага мужчыны знайшлі падпіскі на «забароненыя» інтэрнэт-рэсурсы. Судзіла пастаўчаніна Наталля Максімовіч, яе вырак пакуль не вядомы.

18 верасня за рэпосты і «лайкі» так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» паводле ч.2 арт.19.11 КаАП судзілі Алену Гарнак, жыхарку горада Віцебска. Яе справу ў судзе Першамайскага раёна разглядала суддзя Вольга Клімкова.

19 верасня віцебскі суд Чыгуначнага раёна ў асобе Алены Цыганковай разбіраў справу Яўгена Зубкова, распачатую за «распаўсюд экстрэмізму. Тамсама судзілі і Віталя Храмцова -- па ч.2 арт. 19.11 КаАП і за дробнае хуліганства.

19 верасня ў судзе Вушацкага раёна суддзя Аксана Мішута разбірала ажно тры адміністрацыйныя справы па ч.2 арт. 19.11. Судзілі Сяргея Чарткова, Генадзя Арлоўскага і Дзмітрыя Федуковіча. Усе яны супрацоўнікі Вушацкага філіяла «Белтэлекама», усе ў розны час былі станоўчымі героямі публікацый у мясцовай «раёнцы». І нават болей: Генадзь Арлоўскі быў занесены на раённую Дошку гонару ў 2022 г., а Дзмітрый Федуковіч – у 2014 г.

Сёння, 20 верасня, тая ж суддзя Аксана Мішута разбірала справу Алены Федуковіч, жонкі ўчорашняга падсуднага. Жынчына таксама працуе ў мясцовым філіяле «Белтэлекама», і судзяць яе таксама за «распаўсюд экстрэмізму».

Алег Навумаў