Пятніца, 20 Верасень 2024

У Вушацкім філіяле «Белтэлекама» правялі праверку «на экстрэмізм». Вынік – 4 суды

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падобна, што ў Вушачах прайшоў «хапун», падчас якога у жыхароў райцэнтра правяралі тэлефоны. Прынамсі, нешта падобнае адбылося ў мясцовым філіяле «Белтэлекама». Колькі дакладна людзей затрымалі, каб скласці пратаколы па ч.2 арт.19.11 КаАП, невядома. Бо раённы суд практычна ніколі не паведамляе парадак сваёй працы ў раскладзе электроннага судаводства. Тым не меньш, некаторыя звесткі праваабаронцам вядомыя.

19 верасня суддзя Вушацкага райсуда Аксана Мішута судзіла траіх чалавек па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Гэта Сяргей Чарткоў, Генадзь Арлоўскі і Дзмітрый Федуковіч.

Усе яны супрацоўнікі Вушацкага філіяла «Белтэлекама», усе ў розны час былі станоўчымі героямі публікацый у мясцовай «раёнцы». І нават болей: Генадзь Арлоўскі быў занесены на раённую Дошку гонару ў 2022 годзе, а Дзмітрый Федуковіч – у 2014 годзе.

20 верасня тая ж суддзя Аксана Мішута разбірала справу Алены Федуковіч, жонкі ўчорашняга падсуднага. Жынчына таксама працуе ў мясцовым філіяле «Белтэлекама», і судзяць яе таксама за «распаўсюд экстрэмізму».

Валеры Гонкі