Аўторак, 01 Кастрычнік 2024

Глыбоцкая міліцыя працягвае шукаць крамолу. За «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі нават дэпутатку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

30 верасня раённы суд Глыбокага разбіраў тры адміністрацыйныя справы па ч.2 арт.19.11. За «распаўсюд экстрэмізму» ў сацыяльных сетках судзілі ў тым ліку і дэпутатку Залесскага сельскага савета Інну Селезень. Жанчына кіруе прафсаюзнай суполкай сельскагаспадарчага прадпрыемства "Капыльшчына", дзе працуе дыспетчаркай. Пад суд трапілі і дзве кіраўніцы мясцовага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

Дырэктарку глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Святлану Сташкевіч і яе намесніцу па адміністратыўна-гаспадарчай частцы Наталлю Баравік судзіў Аляксандр Аляксеенка. Рашэнні судоў пакуль не вядомыя, у тым ліку і ў дачыненні да дзейнай дэпутаткі Інны Селезень.

Такім чынам, «выкрывальніцкая» дзейнасць карных структур працягваецца і пасля масавага "хапуна" ў Глыбокім у сярэдзіне верасня. Тады Telegram-канал @guBAZA, паказаўшы «пакаяльныя» відэа з затрыманымі, зрабіў пагрозлівую заяву: «Благодаря силовикам вся бчб-нечисть, засевшая даже в гос. учреждениях, будет полностью выведена».

Вышук «інтэрнэт- экстрэмістаў» працягваецца і ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны. Пад міліцэйскі і судовы пераслед трапляюць самыя розныя людзі. Так, 1 кастрычніка ў Чашніцкім райсудзе разбіраюць справу, распачатую паводле ч.2 арт.19.11 КаАП супраць Сяргея Крупіна. Ён працуе ў намеснікам дырэктара - галоўным інжынерам унітарнага прадпрыемства ЖКГ «Камунальнік» г. Навалукомля. Мужчына на мінулых выбарах балатаваўся ў Чашніцкі райсавет, але не прайшоў.

Гэтаксама 1 кастрчніка «за распаўсюд экстрэмізму» у Віцебску судзяць былую лекарку, 63-гадовую пенсіянерку Ірыну Атрашчонак. У горадзе яе ведаюць яшчэ і як удзельніцу вядомага самадзейнага танцавальнага ансамбля "Витебские девчата". Яе справу па ч.2 арт.19.11 КаАП ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разбірае суддзя Вольга Клімкова.

Аксана Шэмет