9 сьнежня Ян Дзяржаўцаў ня змог скарыстацца са свайго законнага права прысутнічаць на адкрытым судовым паседжаньні ў судзе. Судзьдзя Алена Цыганкова не дазволіла яму трапіць на адкрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да грамадзяніна У.М. Сушчанкі паводле артыкулу 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым актывіст вымушаны быў запатрабаваць кнігу заўвагаў і прапановаў суду.
Вось што з гэтай нагоды кажа спадар Ян: «Я хацеў трапіць на адкрыты судовы працэс, але судзьдзя Алена Цыганкова забараніла мне знаходзіцца ў габінэце. Яна запытала ў падсуднага, ці “супраць ён маёй прысутнасьці на паседжаньні падчас разбору ягонай справы”. І той следам за ёй паўтарыў, што “супраць маёй прысутнасьці”. Тады судзьдзя выдаліла мяне і грамадзянку Алену Рудневу, якая таксама хацела разабрацца ў сутнасьці зьдзейсьненага правапарушэньня. Пра тое, што працэс зачынены, судзьдзя не казала, і ніякай пастановы на гэты конт не зачытвала. На шыльдзе аб’яваў судовых паседжаньняў пра гэта таксама не паведамлялася. Усё вышэйсказанае я выклаў у кнізе заўвагаў і прапановаў, а таксама запатрабаваў, каб па гэтым факце супраць судзьдзі Цыганковай былі прынятыя меры адказнасьці, прадугледжаныя заканадаўствам, бо былі парушаныя ня толькі працэсуальныя нормы, але і правы чалавека, абражаныя нашы гонар і годнасьць».
Надоечы за подпісам старшыні Чыгуначнага райсуду Раісы Лупянковай Ян Дзяржаўцаў атрымаў адказ на сваю скаргу. У адказе паведамляецца: “Праверкай выяўлена, што судзьдзёй А.М. Цыганковай 9.12.2014 году было дапушчанае парушэньне патрабаваньняў артыкулу 2.14 ПВКаАП на адкрыты разгляд справы…” У выпадку выяўленьня гэткіх фактаў у далейшым “судзьдзя А.М. Цыганкова будзе прыцягнутая да дысцыплінарнай адказнасьці”.
“Надзіва хутка я атрымаў адказ. І гэты адказ мяне задаволіў. З аднаго боку, добра, што праўда перамагла, але справа ў тым, што гэткія парушэньні адбываюцца спрэс і побач. Я ўжо ня першы год наведваю судовыя паседжаньні і ведаю гэта не з чужых словаў, таму магу пацвердзіць, што толькі ў дачыненьні да судзьдзі Алены Цыганковай можна налічыць 3-4 падобныя эпізоды. Скаргі, пададзеныя мной з гэткай нагоды летась і пазалетась, былі прызнаныя неабгрунтаванымі. Ды што там далёка хадзіць: 4 сьнежня судзьдзя не дапусьціла мяне на судовае паседжаньне. Праўда, тады старшыня суда ўгаварыла мяне не падаваць скаргу. Зафіксаваныя ж мной парушэньні – гэта кропля ў моры дробных і вялікіх парушэньняў заканадаўства з боку тых, хто мусіць адстойваць літару і дух закону”, – падкрэсьліў Ян Дзяржаўцаў.