Серада, 10 Снежань 2014

Віцебскі праваабаронца: Міліцыянты камандуюць судзьдзямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Фатаграфіі ў інтэрнэце групы асоб з папяровымі клеткамі і птушкамі спарадзілі вялікі аб’ём адміністрацыйнай працы для міліцыянтаў і судзьдзяў Чыгуначнага раёну гораду Віцебску. Варта адзначыць, што ў працэсе разгляду спраў у судзе адбыліся зьмены і ў частцы прад’яўленых абвінавачваньняў удзельнікам фотасэсіі, і ў частцы пакараньня», – пракамэнтаваў сэрыю судовых працэсаў у дачыненьні да ўдзельнікаў фотасэсіі на фоне графіці, якія прайшлі надоечы ў Віцебску, праваабаронца Валер Місьнікаў. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу на livejournal.com.

«Падчас судовага разбору адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да К. Мардзьвінцава пад старшынствам судзьдзі А. Цыганковай 01.12.2014 году, абвінаваўца, маёр міліцыі А. Рыбакоў, адмовіўся ад абвінавачаньня ў парушэньні права на пікетаваньне для свабоднага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных меркаваньняў, то бок прызнаў гэтае права за асобай, якая прыцягвалася да адказнасьці. І пакінуў абвінавачаньне ў парушэньні працэдуры вызначанага парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. Але пры гэтым міліцыі, і ў прыватнасьці маёру А. Рыбакову, не прадставілася магчымасьці выявіць арганізатара мастацкай фотасэсіі і аўтара камэнтара, а таксама асобу, якая разьмясьціла на інтэрнэт-сайтах фатаграфіі і камэнтар. Больш таго, і судзьдзі ў ніводным з судовых разглядаў ня выявілі арганізатара і выканаўцу гэтага пэрформансу, а па-міліцэйску і па-судзейску – пікетаваньня», – адзначыў Валер Місьнікаў.

«Усім прыцягнутым да адказнасьці асобам былі прадстаўленыя іх фатаграфіі з групай асоб з клеткамі і птушкамі на фоне графіці, гэта значыць як частка натуры. Менавіта за пазіраваньне фатографу, на запатрабаваньне міліцыянта-абвінаваўцы А. Рыбакова, пецярых чалавек (натуршчыкаў) судзьдзі Д. Губанаў і А. Цыганкова падвергнулі адміністрацыйным штрафам ад 2,7 млн рублёў да 3 млн рублёў», - нагадаў віцебскі праваабаронца чытачам свайго блога пра пакараньні, вынесеныя ўдзельнікам фотасэсіі.

Але асабліва абурыла Валера Місьнікава апошняе рашэньне суду, прынятае ў дачыненьні да Пятра Берлінава: «Шосты натуршчык, якім стаў выпадковы мінак, жыхар г. Віцебску П. Берлінаў, быў адразу ж падвергнуты міліцыяй да трохдзённага пазбаўленьня волі… Сам П. Берлінаў у фатаграфаваньні ня бачыў парушэньняў… Наадварот, супрацьпраўныя дзеяньні ён бачыў апошнім часам з боку міліцыі… Пасьля патрабаваньне міліцыі і абвінаваўцы А. Рыбакова да Чыгуначнай суду аб ужываньні да П. Берлінава выключнай меры адміністрацыйнага пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі на трое сутак, якія ён ужо адбыў, задаволіла судзьдзя А. Цыганкова пастановай ад 03.12.2014 году. Судзьдзя ў чарговы раз, ва ўгоду міліцыі, праігнаравала і выкананьне заканадаўства, у адпаведнасьці зь яго дакладным сэнсам, і дакладны сэнс патрабаваньня артыкулу 23.34. КаАП, і патрабаваньне артыкулаў 2, 23, 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

«Росквіт законапарушэньня ў Чыгуначным судзе забясьпечаны граматаносьбітам аб абароне правоў і свабод чалавека, старшынёй суду Р.К. Лупянковай, – лічыць Валер Місьнікаў. – Бо апошняя на ўчыненьне заўвагі аб адкрытых, прынародных парушэньнях патрабаваньняў матэрыяльнага і працэсуальнага права судзьдзёй А. Цыганковай 1 сьнежня 2014 году паведаміла пра тое, што заўвагі і прапановы разгледжаныя і прызнаныя неабгрунтаванымі. Але пры гэтым у адказе няма ані слова пра тое, што судзьдзя А. Цыганкова не пісала і не зачытала з папяровага носьбіта Пастанову аб адмове ў задавальненьні адводу судзьдзі. Старшыня суду ня выявіў парушэньня тайны дарадчага пакою, у якім знаходзіўся сакратар і зь якога судзьдзя выходзіў і хадзіў па габінэтах».

«З пастановаў судзьдзяў Д. Губанава, А. Цыганковай і адказу Р.К. Лупянковой вынікае, што яны ня ў стане зразумець прынцыпы і задачы правасудзьдзя, дакладны сэнс рускіх слоў “порядок проведения”, а, такім чынам, дыспазыцыю арт. 23.34. КаАП Рэспублікі Беларусь… П. Берлінаў гэтага мерапрыемства не праводзіў. “Аб’ектыўны бок” утвараюць дзеяньні чалавека, накіраваныя на невыкананьне вызначанага парадку правядзеньня мерапрыемства. Але гэта не ягонае мерапрыемства. Паколькі ён падышоў да мерапрыемства, якое ўжо адбывалася. З “суб’ектыўнай боку” правапарушэньне характарызуецца простым намерам. Гэта значыць, чалавек усьведамляе, што яго дзеяньні супрацьпраўныя, і хоча іх зьдзейсьніць. Ён, П. Берлінаў, “ня ведаў, што адбываецца, але ўбачыў, як фатаграфуюцца людзі, там карэспандэнты, прыстойна апранутыя, прыгожа размаўляюць па-беларуску, у іх птушкі”. А дзяржаўная адказная службовая асоба, адпраўнік правасудзьдзя А. Цыганкова, усьведамляла і 01.12.2014 году, і 03.12.2014 году, што яе дзеяньні і пастановы процізаконныя і супрацьпраўныя, і хацела іх зьдзейсьніць і ў дачыненьні да К. Мардзьвінцава, і ў дачыненьні да П. Берлінава, і ў дачыненьні да дзяржавы і грамадзтва».

«Відавочна, што судзьдзі ў стане і падпарадкоўвацца, і працэсуальна афармляць патрабаваньні міліцыі, якія супярэчаць прынцыпам, задачам правасудзьдзя і патрабаваньням артыкулаў 2, 3, 6, 7, 14 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прысутнасьць на гэтых судовых разьбіральніцтвах (мерапрыемствах, якія праводзіліся судзьдзямі) выклікала абурэньне, расчараваньне і адмоўнае стаўленьне ня толькі да судзьдзяў, але і да суду ў цэлым», – рэзюмаваў праваабаронца Валер Місьнікаў.

Крыніца: Дыялёг Online газэта