Субота, 29 Лістапад 2014

За журналісцкую фотасэсію ў Віцебску — штрафы ад 2,7 да 3 мільёнаў рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

28 лістапада ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску адбыліся слуханьні адміністрацыйных справаў журналістаў, якія сфатаграфаваліся на фоне гарадзкога графіці напярэдадні 5 лістапада. Зьміцер Казакевіч і Алена Сьцяпанава атрымалі штрафы ў 20 базавых велічыняў кожны (3 мільёны беларускіх рублёў), а Алена Шабуня - 18 базавых за парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Разгляд справы Казакевіча судзьдзёй Аленай Цыганковай заняў каля 30 хвілін. З боку абвінавачаньня выступаў складальнік пратаколаў, начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі АУС Чыгуначнага раёну Віцебску Аляксандар Рыбакоў. Ён сказаў, што “фотасэсія” была “акцыяй”, бо, маўляў, так пісалі ў інтэрнэце. Вынік - штраф у 20 базавых велічыняў.

Пасьля абедзеннага перапынку падобны судовы працэс адбыўся і над журналісткай Аленай Сьцяпанавай. Судзьдзя Дзяніс Губанаў прызнаў яе вінаватай у парушэньні парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў і таксама прызначыў штраф у 20 базавых велічыняў.

Пазьней той самы судзьдзя вынес рашэньне аштрафаваць Алену Шабуню на 18 базавых велічыняў. Меншыя памеры штрафу Дзяніс Губанаў патлумачыў тым, што ў яе трое дзяцей, сярод якіх двое непаўнагадовых.

Усяго заведзена сем адміністрацыйных спраў. Наступныя суды прызначаныя на 1 сьнежня.

baj.by