Пятніца, 24 Кастрычнік 2014

Віцебскі абласны суд ня ўзяў пад увагу высновы Міністэрства інфармацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Тацьцяны Сячко. Жыхарку Воршы аштрафавалі за распаўсюд улётак пра “Народны рэфэрэндум”, абвінаваціўшы яе ў парушэньні заканадаўства пра СМІ. Міністэрства інфармацыі пацьвердзіла, што ўлёткі да СМІ не належаць, але абласны суд ня ўзяў гэта пад увагу.

Тацьцяна Сячко была затрыманая 12 жніўня падчас распаўсюду ўлётак па паштовых скрынях. Пасьля затрыманьня спадарыню адпусьцілі без складаньня пратаколу, але праз тыдзень, 20 жніўня, пратакол пра правапарушэньне ўсё ж быў складзены намесьнікам начальніка аддзелу аховы і прафіляктыкі правапарадку Сяргеем Бязьлюдавым. Ён кваліфікаваў дзеяньні актывісткі паводле артыкулу 22.9 КаАП – як парушэньне заканадаўства пра СМІ.

11 верасьня ў аршанскім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы. Судзьдзя Алеся Дранькова пагадзілася з высновамі супрацоўніка міліцыі і пастанавіла аштрафаваць спадарыню. Такім чынам, “за парушэньне заканадаўства аб СМІ” распаўсюдніца ўлётак атрымала штраф памерам 40 базавых велічынь.

“Гэта блізка да “верхняе планкі”, бо паводле артыкулу 22.9 прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь, — падкрэсьлівае аршанскі актывіст кампаніі “Гавары праўду” Алесь Шутаў. – Убачыўшы такое, мы вырашылі зьвярнуцца ў Міністэрства інфармацыі. Бо ўлёткі – гэта ніяк ня СМІ, і пакараньне, ды такое жорсткае, выглядае беспадстаўным”.

У адказ на запыт аршанскіх актывістаў зь Міністэрства інфармацыі прыйшоў ліст, падпісаны намесьнікам міністра Ўладзімерам Матусевічам. У лісьце было сказана, што “згодна з ГОСТ 7.60-2005 “Выданьні. Асноўныя віды.Тэрміны і вызначэньні” і тэхнічных умоваў BY 100083317.002-2007 дасланая вамі друкаваная прадукцыя зьяўляецца непэрыядычным выданьнем і, адпаведна, не зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі”.

Ліст зь Міністэрства інфармацыі Тацьцяна Сячко ўзяла з сабой на разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе. На яе хадайніцтва судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова далучыла гэты ліст да судовай справы, аднак на вынік ён не паўплываў.

“Судзьдзя аблсуду не скасавала рашэньня суду першай інстанцыі, нягледзячы на тлумачэньні намесьніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі – гэта ня СМІ, і, адпаведна, распаўсюд ўлётак нельга лічыць парушэньнем заканадаўства аб СМІ”, – распавёў прысутны на разглядзе Алесь Шутаў.

Актывіст лічыць, што высновы судзьдзі абласнога суду трэба аспрэчваць у скарзе да старшыні Віцебскага абласнога суду. І што відавочным у гэтай справе зьяўляецца перасьлед Тацьцяны Сячко за грамадзкую актыўнасьць. Яна распаўсюджвала ўлёткі пра “Народны рэферэндум” паводле ўласных перакананьняў, мець якія – законнае права любога грамадзяніна. Гэтаксама як права на неперадузяты незалежны суд, якое ў дачыненьні да Тацьцяны Сячко таксама было парушанае, лічыць Алесь Шутаў.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”