За распаўсюджванне "экстрэмізму" ўлады паўторна арыштавалі беспрацоўнага
Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 19 лютага за падпіску на "экстрэмісцкія" інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльных сетках арыштавала на 9 сутак беспрацоўнага мясцовага жыхара Дзмітрыя Казлоўскага. 12 лютага тая ж самая суддзя прызначыла Дзмітрыю 6 сутак за “экстрэмізм”.
Міліцыянты запісвалі на відэа, як затрыманы спявае гімн, зневажае бел-чырвона-белы сцяг і рве кнігу Зянона Пазняка
На Тэлеграм-канале, блізкім да віцебскіх сілавікоў, з'явіўся ўжо трэці глумлівы відэаролік, змантажаваны з відэазапісаў «размовы» з затрыманым Аляксеем Нябоськам – жыхаром Віцебска, які працуе кіроўцам аўтобуса і мае хобі – спявае на вуліцы пад гітару. «Віцебская вясна» ужо пісала пра тое, што ў пастарунку мужчыну загадалі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі. Аказалася, не толькі яго: да 8 сакавіка саматужныя «кінарэжысёры» падрыхтавалі відэаролік, дзе затрыманы віншуе жанчын і спявае для іх песню. А яшчэ праз два дні на Тэлеграм-канале «Северная століца» выйшаў чарговы «твор» з выкарыстаннем здымак аператараў у пагонах. Для іх нават быў падабраны адмысловы «рэквізіт» - імправізаваны нацыянальны сцяг з кавалкаў тканіны і кніга пра гісторыю Беларусі.
Прызыўнік не з'явіўся на медкамісію і быў асуджаны на 1 год калоніі
Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Жукава 26 лютага за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год мясцоваму жыхару 19-гадоваму Арцёму Байдаку. Крымінальная справа разгледжана ў выязным судовым пасяджэнні ў Пастаўскім раённым ваенкамаце, куды запрасілі маладых людзей прызыўнога ўзросту.
За падпіску на «экстрэмісцкі» відэакантэнт улады арыштавалі навапалачаніна
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за распаўсюд у сацыяльнай сетцы “экстрэмісцкай” відэапрадукцыі арыштавала на 15 сутак мясцовага жыхара Іллю Рагожнікава.
Улады арыштавалі навапалачаніна за падпіску ў сацсетцы на «Вольны хор»
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за захоўванне відэароліка запампаванага з відэахостынгу арыштавала на 15 сутак жыхара Наваполацка Уладзіслава Бендзікава.