15 снежня суд Гарадоцкага раёну прысудзіў 33-гадоваму Мікалаю Чарняўскаму паўтары гады калоніі агульнага рэжыму за пагрозы і абразу супрацоўніка МУС. Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Вырак агучыў суддзя Аляксандр Ляшковіч.

16 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску агучылі прысуд у дачыненні да 27-гадовага мастака Уладзіслава Макавецкага. Віцяблянін прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.

15 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску закончыліся судовае следства і судовыя спрэчкі ў крымінальнай справе віцебскага мастака Ўладзіслава Макавецкага. 27-гадовага разьбяра абвінавачваюць паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Пракурор запрасіў у суду пакараць яго зняволеннем на 3 гады. Прысуд агучаць 16 снежня.

Суд Віцебскага раёну 11 снежня асудзіў віцябляніна Ягора Карапузава на паўтары гады «хіміі» за слова «тварь», якое мужчына ўжыў у паведамленні ў Тэлеграм-канале «Банда Лукі». Суд палічыў гэта «публічнай абразай прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Пацярпелым аказаўся супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Віцебску маёр міліцыі Андрэй Зуеў.

Віцебскім абласным судом у закрытым рэжыме разглядаюцца крымінальныя справы, распачатыя ў дачыненні былых сілавікоў Анатоля Дзямідава і Дзмітрыя Савянка. Іх абвінавачваюць у перавышэнні ўлады, падбухторванні да гандлю наркотыкамі і шэрагу іншых злачынстваў, паведамлюць Народныя навіны Віцебска.