Віктара Стукава аштрафавалі за сцяг на балконе. Актывіст правёў трое сутак у ІЧУ
У судзе Полацку і Полацкага раёну 21 снежня на 270 рублёў аштрафавалі прафсаюзнага лідара Віктара Стукава – за тое, што размясціў «палотнішча бел-чырвона-белага колеру» на балконе. Мужчыну затрымалі 17 снежня і пратрымалі ў ІЧУ 72 гадзіны, абвінаваціўшы ў правядзенні адзіночнага пікетавання (ч.1 арт. 23.34 КаАП).
Справу ліцэісткі Марыі Амасовіч спынілі. Суддзя папрасіў у яе прабачэння
21 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да студэнткі першага курсу Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэю Марыі Амасовіч, абвінавачанай паводле арт. 23.34 КаАП. Суддзя Міхаіл Юрчанка справу спыніў і прынёс прабачэнні за дзеянні міліцыі.
Дзмітрыя Кулакова з Шуміліна асудзілі на тры з паловай гады «хіміі» за пагрозы і абразу маёра міліцыі
18 снежня суд Шумілінскага раёну вынес рашэнне па крымінальнай справе мясцовага актывіста Дзмітрыя Кулакова. 29-гадовы шумілінец прызнаны вінаватым паводле арт. 364 КК (Пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) і арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Кацярына Унуковіч прысудзіла мужчыне тры з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паўтары гады – за «вырадка». За што ў Гарадку асудзілі рабочага Мікалая Чарняўскага
15 снежня суд Гарадоцкага раёну прысудзіў 33-гадоваму Мікалаю Чарняўскаму паўтары гады калоніі агульнага рэжыму за пагрозы і абразу супрацоўніка МУС. Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Вырак агучыў суддзя Аляксандр Ляшковіч.
Два гады пазбаўлення волі – за замахванне гумавым дручком у бок міліцыянта
16 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску агучылі прысуд у дачыненні да 27-гадовага мастака Уладзіслава Макавецкага. Віцяблянін прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.