Пра тое, што вядзецца праверка, Вадзім Драздоў даведаўся ад адваката, нанятага ягонымі сваякамі. Але што за высновы зрабілі наваполацкія міліцыянты, так і застаецца таямніцай, кажа Драздоў:
“Здаецца, тэрміны праверкі некалькі разоў працягвалі, бо яна праводзіцца на працягу ўжо больш як 40 дзён. Міліцыя ўсё яшчэ нешта шукае: мне паведамілі, што ў пачатку траўня супрацоўнікі прыходзілі да майго бацькі – у кватэру, дзе я прапісаны. Распытвалі пра мяне, пыталіся, ці мае ён кампутар. Потым хадзілі па суседзях, тлумачылі ім, што я “выступаю супраць Лукашэнкі”, распытвалі, ці даўно мяне бачылі, і што могуць пра мяне распавесьці. Складалі пратаколы апытаньняў, напалохалі людзей, зь якімі наша сям’я мірна жыла побач амаль 25 гадоў!”
Паводле Вадзіма Драздова, праверка ў дачыненьні да ягонай асобы вядзецца з пачатку красавіка. Паводле зьвестак, атрыманых ад адваката, супрацоўнікі міліцыі пільна зацікаваліся сайтам freeregion.info, заснавальнікам якога зьяўляецца Вадзім Драздоў.
“А таму праверка праводзіцца з мэтай высьветліць, ці не падпадае зьмест некаторых крытычных артыкулаў на нашым сайце пад крымінальны артыкул 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Яшчэ вядзецца і пра іншае – пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адказнасьць за гэта прадугледжаная крымінальным артыкулам 193-1″, – кажа актывіст.
Ён зьвяртае ўвагу не тое, што думкі пра заснаваньне сайту зьявіліся разам з ідэяй стварыць грамадзкае аб’яднаньне “Свабодны рэгіён”. Зараз існуе аргкамітэт па стварэньні гэтай суполкі. Адным з актывістаў зьяўляецца аўтар шэрагу матэрыялаў на аднайменным сайце, Яўген Парчынскі. Вядома, што і ён таксама апошнім часам трапіў у поле зроку мясцовай міліцыі.
На думку Вадзіма Драздова, якраз існаваньне незалежнага інтэрнэт-рэсурсу стала падставай для праверак:
“У нас ёсьць сталыя чытачы, некаторыя зь іх дасылаюць нам для публікацыі сапраўдныя дакумэнты, агалошваньне якіх не да спадобы ўладам. Таксама ў нас ёсьць некалькі блогаў, дзе пішуць вядомыя ў рэгіёне асобы, у прыватнасьці “лекар-праўдаруб” Ігар Пастноў, якога летась прымусова накіравалі ў “псыхушку” пасьля шэрагу крытычных выступаў… Блогерамі зьяўляюцца журналісты і грамадзкія актывісты з розных рэгіёнаў усёй Віцебскай вобласьці. Яны пішуць дастаткова рэзка і крытычна. Адсюль – і ўвага з боку міліцыі, якая добра ведае, што я ўжо ня першы год жыву ў Швэйцарыі. Але старанна высьвятляе, якія стасункі ў мяне засталіся ў Беларусі”.