Пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства Павал Зайцаў гутарыў з журналісткай на працягу 20 хвілін. “Ён тлумачыў, што журналіст замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь ня мае права працаваць без акрэдытацыі, і папярэдзіў пра магчымую адказнасьць паводле артыкулу 22.9, ч. 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”)”, – распавёў праваабаронца Павал Левінаў.
Пасьля гутаркі пракурор выйшаў у суседні пакой і прынёс гатовую пастанову аб вынясеньні папярэджаньня. Паперу, на думку Паўла Левінава, падрыхтавалі загадзя: пад ёй стаяў подпіс намесьніка пракурора вобласьці Георгія Каранько, якога візытэры сустрэлі на выхадзе з будынку.
Сьвятлана Сьцяпанава зьбіраецца абскарджваць санкцыю пракурору вобласьці.