Рэдактар “Дняпроўскай праўды” Сьвятлана Шурпакова заявіла, што ў праграме кандыдата ўтрымліваецца “прыхаваны заклік да зьмяненьня канстытуцыйнага ладу і зьмены ўлады”. І таму агітацыйныя матэрыялы надрукаваныя ня будуць.
“Кожны кандыдат мае права скарыстацца сродкамі выбарчага фонду і надрукаваць свае агітацыйныя матэрыялы ў СМІ. Гэта маё права! І рэдактар ня можа ладзіць нейкую цэнзуру. Заўвагі мне мусіць рабіць выбарчая камісія, а не рэдактар. Тым больш, што гэты тэкст рэдактары ўжо бачылі: я агучваў яго падчас радыёвыступу, і заўвагаў да мяне не было. Таму я напісаў скаргі на дзеяньні Сьвятланы Шурпаковай у пракуратуру і ў ЦВК”, - распавёў кандыдат.
З адказу, які Аляксей Гаўруцікаў атрымаў з ЦВК, вынікае, што кандыдат, вядома, мае права на публікацыі матэрыялаў, толькі вось СМІ таксама мае права – адмовіць.
“Мне адказалі, што паводле закону аб СМІ ніхто ня мае права змусіць выданьне надрукаваць адхіленыя матэрыялы. І што выбарчае заканадаўства рэгулюе толькі грашовыя ўзаемаадносіны паміж кандыдатам і СМІ. Дыкк што маё права на публікацыі цалкам перакрэсьленае правам выданьня нічога не друкаваць. І нават без тлумачэньня прычын,” – кажа Аляксей Гаўруцікаў.
Для віцебскага апазыцыянера, актывіста аргкамітэту па стварэньні Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, такая супярэчнасьць ужо не зьяўляецца чымсьці зусім новым: “Гэта нагадвае сытуацыю з масавымі акцыямі ў Віцебску. Усе нібыта маюць права іх арганізоўваць і праводзіць, але віцебскі гарвыканкам запатрабаваў, каб разам з заяўкай да іх прыносілі дамовы на абслугоўваньне акцыяў структурамі ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі. Дык вось гэтыя структуры з намі папярэднія дамовы заключаць адмаўляюцца, і прымусіць іх таксама нельга. Атрымліваецца тое самае: мы маем права праводзіць пікет ці мітынг, але адказныя асобы маюць права не заключаць з намі дамовы. У выніку ніводнай масавай акцыі па ініцыятыве віцебскіх актывістаў за апошнія 4 гады так і не дазволілі”.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"