Чацвер, 18 Красавік 2019

У віцябляніна забралі тэлефон – сьледчыя шукаюць экстрэмізм у ягоным “Фэйсбуку”

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Сяргей Сясіцкі Сяргей Сясіцкі

Жыхара Віцебску Сяргея Сясіцкага апыталі наконт зьместу ягонай старонкі ў сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” і забралі мабільны тэлефон. Прадстаўнік крымінальнага вышуку паведаміў, што сьледчыя праводзяць праверку на наяўнасьць прапаганды экстрэмізму або распальваньня міжнацыянальнай варожасьці, піша Беларускае Радыё Рацыя.

Якім чынам ён трапіў пад увагу сьледчых, Сяргею Сясіцкаму не паведамілі. Ён перакананы, што нічога недазволенага на сваёй старонцы не разьмяшчаў, а заяву ў міліцыю маглі падаць ягоныя апанэнты ў спрэчках пра “руский мир”, бо такія пагрозы ўжо былі.

“Там выражэньне маёй грамадзянскай пазыцыі па пытаньнях палітычнага жыцьця нашай краіны, маё стаўленьне да агрэсіўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі – усё тое, пра што я пішу даўно і на розных пляцоўках. Ад маіх апанэнтаў пагрозаў жыцьцю ці здароўю пакуль не было, але заявамі ў міліцыю пагражалі неаднаразова. Маўляў, як я сьмею такое пісаць. Але я ведаю законы нашай краіны – што нельга заклікаць да гвалтоўных дзеяньняў, нельга прыніжаць, абражаць іншых людзей. І, вядома, гэтага я прытрымліваюся”, – кажа Сяргей Сясіцкі.

Праверка мабільнага тэлефона, як паведамілі Сяргею, будзе праводзіцца цягам месяца.

Што да пагрозаў з боку палітычных апанэнтаў, то на шэрагу віцебскіх паблікаў, якія прапагандуюць ідэі “адзінай Русі”, такія выказваньні насамрэч трапляюцца. У тым ліку за заклікі Сясіцкага не дапусьціць у Віцебску канцэртаў выканаўцы турэмнага шансону Віктара Каліны, вядомага сваімі шавінісцкімі выказваньнямі пра беларусаў і беларускую мову, а таксама фатаграфаваньнем са зброяй на занятых сэпаратыстамі тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Прыхільнікі “русского мира” нават спрабавалі скардзіцца на Сяргея Сясіцкага ў сьледчы камітэт Расейскай Фэдэрацыі, але вынікаў гэта ня мела.