Агляд кватэры, дзе жыве Вольга Жураўская, праводзіўся з санкцыі пракурора гораду Віцебску ў межах праверкі заявы віцябляніна Шчаглова, які быў абражаны выказваньнямі блогеркі ў інтэрнэце. У прыватнасьці, такімі выразамі, як «ідыёт», «хрэн» і «мудак».
«Нахабны» і «борзды»
Вольга Жураўская вядзе на Youtube канал «Здымаць дазволена» («Снимать разрешено»). Канфлікт са Шчагловым адбыўся яшчэ ў жніўні 2019-га, калі Жураўская здымала для каналу відэа аўтагонак ў Віцебску, а Шчаглоў настойліва прасіў яе зайсьці за агароджу. Як сьцьвярджае ў роліку «Адпачынак у выходны дзень» блогерка, той не паказаў пасьведчаньня, хоць і назваўся маёрам міліцыі.
«Вы хочаце сябе ідыётам выставіць?» – пыталася тады Жураўская. Назвала яго таксама «нахабным» і «борздым».
Шчаглоў адчуў сябе абражаным і напісаў на Жураўскую заяву. Першая праверка праходзіла менавіта па гэтым эпізодзе. Праводзілася нават лінгвістычная экспэртыза, паводле якой выраз «хрэн незразумелы» мае стылістычныя паметы «грубы» і «прастамоўны», а лексемы «нахабны» і «борзды» выказваюць нэгатэўную ацэнку». У выніку міліцыянты прыйшлі да высновы, што дзеяньні Жураўскай утвараюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 189 КК.
«Гэта быў не агляд, а ператрус»
Але агляд жыльля блогеркі, які адбыўся 17 сьнежня, праходзіў у межах праверкі па яшчэ адной заяве ўсё таго ж Шчаглова. Яго абразілі словы, якімі Жураўская характарызавала яго, калі давала тлумачэньні міліцыянтам па папярэдняй заяве. Відэазапіс той размовы трапіў у ролік «Няпрошаныя госьці / Працяг гісторыі». Акрамя «ідыёта» і «хрэна», блогерка ўжыла слова «мудак».
«Калі сыходзіць з сэмантыкі расейскай мовы, то «мудак» – гэта чалавек з магутнай мужчынскай годнасьцю. Дык гэта камплімэнт а не абраза, я лічу. Сапраўдны мужык! А наконт «ідыёта», дык я ж патлумачыла, што гэта пра раман Дастаеўскага. Я ж не сказала: «вы ідыёт», – паясьніла блогерка «Віцебскай Вясьне».
Паводле яе словаў, тое, што рабілі міліцыянты ў яе кватэры, больш нагадвала ператрус, а не агляд.
«Выбачайце мяне, але калі адчыняецца ніжняя шуфляда, дзе ляжыць бялізна і там корпаюцца ў трусах – дык гэта вобшук, а не агляд. Залезьці ў слоік з крупамі на кухні, адчыніць лядоўню – гэта ператрус. Зьнялі ўсе каробкі, забралі тэхніку: тры кампутары, ноўтбук, кучу флэшак, дыскі, два фотаапараты, дзьве відэакамэры, два пляншэты дзіцячых – усё гэта забралі. Я падлічыла: забралі тэхнікі недзе на 7 тысяч даляраў», – расказала блогерка.
Яна сьцьвярджае, што ёй нават не пакінулі копіі пратаколу адабраньня, папрасілі расьпісацца – і ўсё. «Патлумачылі, што атрымаю копію пратакола, калі скончыцца праверка», – кажа Вольга Жураўская.
Узламалі канал
Расказвае таксама, што напярэдадні прыходу супрацоўнікаў міліцыі ў яе ўзламалі ютуб-канал «Здымаць дазволена», а невядомыя хакеры вымагалі ў яе грошы. Цяпер доступу да свайго каналу яна ня мае. Жураўская лічыць, што спробы распачаць у дачыненьні яе крымінальную справу, канфіскацыя тэхнікі і ўзлом ютуб-каналу – зьвёнкі аднаго ланцугу.
Пасьля агляду блогерка напісала скаргі ў пракуратуру, СК і РАУС і чакае цяпер адказаў ды выніку праверкі.
Зьміцер Міраш