Карэспандэнт «Советской Белоруссии» Максім Осіпаў паехаў у Мёры і сустрэўся зь Віктарам Шульгом. Шульга прызнаўся карэспандэнту, што ананімны ліст з хвалебнымі словамі на свой адрас... ён напісаў сам.
Шульга паскардзіўся, што кіраўніцтва АГП «камандуе як марыянэткамі» шараговымі сябрамі. Ён падзяліўся «каштоўным» меркаваньнем, што адзін з апазыцыянэраў у Мёрах – грубы і хамскі чалавек, а іншы – кіруецца ня розумам, а эмоцыямі. Карэспандэнт «СБ» не называе іх імёнаў, ды можна здагадацца, што мова ідзе пра сябраў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».
Таксама Шульга выказаў перакананьне, што ў 2006 годзе трэба было выбіраць адзіным кандыдатам ад апазыцыі не Мілінкевіча, а Лябедзьку.
Свой артыкул пра мёрскага апазыцыянэра карэспандэнт «СБ» завяршае такім выслоўем: «Ад паркетных опа-шаркуноў ён адрозьніваецца тым, што ўсё жыцьцё працаваў. Мэханікам працаваў у Мёрах, жыцьцё ведае. Таму і хоча яго перабудаваць. Вось і рынуўся яшчэ ў 90-х у палітыку. А там усё даволі будзённа – балбочуць, лайдачаць, інтрыгуюць, падстаўляюць адно аднаго. Адна грызьня і дэмагогія. Вось і бунтуе ў сваім мястэчку сумленны грамадзянін, марыць, каб і яго, простага і неабыякавага чалавека зь Мёраў, пачулі».
Інтэрнэт-рэсурс «Весткі», колькі існуе, пільна асьвятляе дзейнасьць палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў на Паазер'і. Ад 2008 году, калі Віктар Шульга балятаваўся ў парлямэнт, яго імя і дзейнасьць не фігуравалі ў навінах.
Наогул, апазыцыя ў Мёрах – гэта асобная песьня. Мёры – невялікі горад, але ў ім больш, чым у суседніх гарадох, актывістаў апазыцыі. І гэтыя актывісты, зь якімі давялося быць знаёмым, гатовыя цэлымі гадзінамі абмяркоўваць тэарэтычныя пытаньні, але пра штодзённую іх дзейнасьць не чуваць.
Хоць у Мёрах грамадзкія праблемы на паверхні ляжаць. Чвэрць стагодзьдзя ня могуць дабудаваць раённы шпіталь. Апазыцыянэрам варта не ананімкі ў газэту пісаць і не ідэю «агульнанацыянальнага страйку» на вушы вешаць – а скласьці зварот на імя Лукашэнкі, прайсьці па горадзе, сабраць некалькі сотняў подпісаў. Можа, гэта дапамагло б паскорыць будоўлю – а калі не, дык хоць бы рэпутацыю сабе палепшылі.
Ні на затрымкі заробкаў у аграпрадпрыемствах у 2015-16, ні на вынішчэньне сьвіней і адмену цягніка ў 2013 – актывісты зь Мёраў ніяк не адрэагавалі. Затое пра пытаньне байкоту выбараў гатовыя спрачацца і спрачацца, і нават да дзяржаўнай газэты зьвяртацца па дапамогу.
А «Советская Белоруссия» піша пра апазыцыю не для таго, каб інфармаваць чытачоў пра альтэрнатыўныя партыі і палітыкаў. А дзеля таго, каб прадставіць у чорным сьвятле і апазыцыю, і – праз гэта – саму ідэю дэмакратычнай, рыначнай, прававой дзяржавы. Карэспандэнт «СБ» уважліва слухаў Віктара Шульгу, каб ягоныя словы павярнуць супраць ідэі, якую Шульга вызнае.
Кастусь Шыталь, westki.info