Субота, 04 Снежань 2021

Генпракуратура на 6 месяцаў заблакавала сайт арганізацыі «Наш Дом» Вольгі Карач

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед вынес пастанову аб абмежаванні доступу да сайту арганізацыі «Міжнародны Цэнтр Грамадзянскіх Ініцыятыў «Наш дом», якую ўзначальвае ўраджэнка Віцебску Вольга Карач. Падставай стала тое, што, на думку генпракурора, рэдакцыяй сайта неаднаразова парушала патрабаванні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Генпракуратура лічыць, што сайт МЦГІ «Наш дом» на працягу апошняга паўтара года агрэсіўна і бяздоказна крытыкаваў грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі і яе кіраўніцтва.

Пракуроры ацанілі некаторыя матэрыялы як накіраваныя на распальванне нацыянальнай варожасці або варожасці ў адносінах да грамадзян Расейскай Федэрацыі і яе кіраўніцтва, а ў асобных артыкулах убачылі свядомую дыскрэдытацыю ўзаемаадносін Беларусі і Расеі.

Больш за тое, генпракурор Андрэй Швед зрабіў адназначную выснову аб тым, што на сайце «Нашага дому» сістэматычна размяшчалася недакладная альбо наўмысна скажоная інфармацыя. Праўда, свае высновы Швед не даказвае публікацыямі спасылак на гэтыя матэрыялы.

Таксама пастановай устаноўленая забарона на тэрмін 6 месяцаў на аднаўленне доступу да ўказанага інтэрнет-рэсурсу па заяве яго ўладальніка.

Пастанову Генеральнага пракурора Шведа аператыўна выканала кіраўніцтва рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ».

Міхась Пісараў