«На старонцы публікаваліся пратэставыя матэрыялы, і хаця няма прамых пацверджанняў, што гэта была старонка, якую мадэравалі з Дуброўна, сапраўды, пра жыццё гэтага раёну там нярэдка з'яўляліся матэрыялы», паведамляе сайт orsha.eu.
На цяперашні момант суполкі ў сацыяльнай сетцы ok.ru ужо няма, але хто яе выдаліў, застаецца невядомым.
Невялікі райцэнтр Дуброўна неаднаразова трапляў на старонкі незалежных СМІ, бо пад міліцэйскі ціск летась і пазалетась неаднаразова падпадалі тамтэйшыя актывісты Наталля Стрэльчанка і Міхаіл Чамурака. Апошні ў ліпені 2021 году быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі за паклёп (арт. 188 КК): яго звінавацілі за распаўсюд інфармацыі (праз сацыяльныя сеткі) аб удзеле ў выбарчай кампаніі дырэктаркі аршанскай школы №3 Алы Сіняўскай і супрацоўніка аршанскага ДАІ Казакова.
Дубровенскія міліцыянты трымалі сям’ю Чамуракаў пад асаблівай увагай. Пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 году супрацоўнікі Дубровенскага РАУС і СК правялі ў дачыненні Чамуракаў каля 10 розных праверак, зладзілі некалькі ператрусаў, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны. У дачыненні Міхаіла завялі шэраг адміністрацыйных спраў, ягоная жонка Людміла таксама была фігуранткай адміністрацыйнага працэсу.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі актывіста палітычным зняволеным. Адбываць тры гады «хіміі» Міхаіла Чамураку накіравалі ў г.Ваўкавыск, у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №29. Але яму ўдалося выехаць за межы Беларусі. За межамі Беларусі цяпер знаходзіцца і дубровенская актывістка Наталля Стрэльчанка, якая падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі працавала ў камандзе Мікалая Статкевіча. У яе таксама праводзіліся ператрусы, была канфіскавана аргтэхніка.
Пра ўсе падзеі, звязаныя з пераследам Міхаіла Чамуракі і Наталлі Стрэльчанка паведамлялася ў зніклай дубровенскай «экстрэмісцкай» суполцы. Не выключана, што яе знікненне стала ініцыятывай мясцовых сілавых структур, якія ініцыявалі зварот у суд з мэтай прызнаць старонку суполкі «Тарака…а Ус» экстрэмісцкай.
Знікла з «Аднакласнікаў» і асабістая старонка Міхаіла Чамуракі.
Феліцыян Красоўскі