Сціск інфармацыйнага поля ў вобласці адбываецца не толькі за кошт апазіцыйных і незалежных рэсурсаў, але і за кошт дзяржаўных СМІ.
5 красавіка ў Глыбокім на выязной калегіі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама было абвешчана аб радыкальнай змене працы рэдакцый газет, якія выдаюцца ў раённых цэнтрах.
У сувязі з стратнасцю рэдакцыя газеты “Жыццё Прыдзвіння” (Віцебскі раён) спыняе працу як самастойная ўстанова і неўзабаве яе аб'яднаюць з газетай горада Віцебска – “Віцьбічы”.
Тры стратныя раённыя газеты Дубровенскага раёна - "Дняпроўская праўда", Расонскага - "Голас Расоншчыны" і Шаркаўшчынскага - "Кліч Радзімы", увойдуць у холдынг, створаны на базе рэдакцыі абласной газеты "Віцебскія весці".
Адбудзецца аптымізацыя, г.зн. пройдуць скарачэнне штатаў газет "Лепельскі край" (Лепельскі раён) і "Чырвоны прамень" (Чашніцкі раён).
Акрамя таго, ідэолагі анансавалі частковы пераход усіх друкаваных выданняў у інтэрнет, што дазволіць зэканоміць значныя сродкі рэдакцый на адмове ад паслуг друкарняў.
Іван Чайка