Пятніца, 15 Ліпень 2022

Ігар Казмярчак: «Пракуратура парушыла сваё абяцанне, і сайт orsha.eu застаецца заблакаваным»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У лістападзе мінулага году па рашэнні Віцебскай абласной пракуратуры Міністэрства інфармацыі заблакавала гарадскі незалежны сайт Оршы. У афіцыйным спавяшчэнні, якое атрымала рэдакцыя, вялося пра тое, што блакіроўка будзе працягвацца паўгады. Прайшло значна болей часу, і было прынята рашэнне напісаць у пракуратуру афіцыйны запыт, чаму сайт дагэтуль не разблакаваны. «Адказ прыйшоў адназначны: сайт не разблакуюць», – распавёў рэдактар і заснавальнік сайта orsha.eu Ігар Казмярчак.

Заблакавалі за інфармацыю, якая «негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне»

Паводле Ігара Казмерчака, праверку дзейнасці незалежнага сайта напрыканцы мінулага году праводзіла пракуратура Віцебскай вобласці:

«У афіцыйным заключэнні было сказана, што з боку рэдакцыі оrsha.eu меліся значныя парушэнні Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі». У прыватнасці, былі выяўленыя факты размяшчэння на сайце інфармацыі, зместам якой была нанесеная шкода нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь – нібыта ў некаторых артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля заканчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года».

Віцебская абласная пракуратура палічыла, што гэтая інфармацыя была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнасці прэзідэнта РБ, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, бо на інтэрнэт-рэсурсе «сістэматычна размяшчаліся публікацыі, якія матывавалі грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Ігар Казмярчак падкрэслівае, што ў высновах па выніках праведзенай праверкі так і не было ўказана, у якіх канкрэтна матэрыялах парушанае патрабаванне пп. 1.3 п. 1 арт. 38 Закона аб СМІ. Тым не менш,
пракуратура звярнулася ў Міністэрства інфармацыі, вынікам чаго стала абмежаванне доступу карыстальнікаў да сайта orsha.eu на паўгода.

Разблакіроўкі не будзе, бо «шкодныя» матэрыялы не былі выдалены

Паўгода з моманту блакіроўкі даўно прайшлі, але зварот у пракуратуру, каб аднавіць доступ да сайта, чаканага выніку не прынёс. У афіцыйным адказе было сказана, што матэрыялы, размешчаныя « з мэтай  падтрымкі пратэстных настрояў у грамадстве, прыцягнення максімальнай колькасці грамадзян у супрацьпраўную дзейнасць, звязаную з удзелам у масавых мерапрыемствах, дыскрэдытацыі праваахоўных органаў, якія затрымлівалі і прыцягвалі да адказнасці асобаў, што парушаюць грамадскі парадак», не былі выдалены на працягу месяца пасля спавяшчэння пра блакіроўку.

У адказе з пракуратуры былі згаданы тры «шкодныя» артыкулы, а ўвесь астатні пералік так і застаўся таямніцай, схаванай за словам «і інш»., распавёў Ігар Казмярчак:

«У дадатак да гэтага, у адказе з пракуратуры прыгадваюцца артыкулы, напісаныя ўжо ў 2022 годзе, прычым на працягу апошніх месяцаў, у якіх была «інфармацыя, накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнасці судоў». Паводле выконваючага абавязкі пракурора Віцебскай вобласці Д. Шапавалава, гэтыя матэрыялы падвяргаюць сумненню аб’ектыўнасць судоў пры вынясенні імі рашэнняў і абумоўленасць іх прыняцця палітычнымі матывамі». Таму, маўляў, аднаўлення доступу да сайта не будзе».

Сайт працягвае працу, інтэрнэт-карыстальнікі могуць сачыць за навінамі

Паводле Ігара Казмерчака, блакіроўка сайта не паўплывала на працу рэдакцыі. Увесь гэты час навіны рэгіёну былі даступныя для наведнікаў пры ўмове выкарыстання VPN. Прычым колькасць наведнікаў не зменшылася, а наадварот – павялічылася. Матэрыялы, якія пракуратура палічыла «шкоднымі» не будуць выдалены ні пры якіх умовах, кажа заснавальнік і рэдактар orsha.eu:

«Мы не будзем гэтага рабіць, бо пісалі праўду. І ў тым, што ў 2020-м годзе ўлада канчаткова дыскрэдытавала сябе разам з міліцыяй, ніяк не віна нашых журналістаў. Што да апошняй прэтэнзіі наконт артыкулаў пра суды, то дыскрэдытаваць нешта можна хіба толькі дзеяннямі, і гэтыя дзеянні робяць самі суды, а ніяк не журналісты, якія проста апісваюць падзеі, не даючы ім ніякіх ацэнак».

Увесь час блакіроўкі сайт не толькі працаваў, але і развіваўся: актывізавалася праца на іншых пляцоўках, такіх як Telegram, Instagram, сацыяльныя сеткі. У планах – стварэнне відэашоў, якое зробіць падачу аршанскіх навінаў яшчэ больш эфектнай і эфектыўнай.

Юрка Жмых