Гэтая вышыванка – падарунак Барысу Хамайду ад віцебскай актывісткі Антаніны Піванос: на белай палатніне яна вышыла чырвонымі літарамі малітву «Ойча наш». Хуліган запатрабаваў, каб апазыцыянэр зьняў вышыванку, бо яму не падабаецца тэкст на беларускай мове, а потым хацеў яе сарваць. Калі ж спадар Хамайда яго прысарамаціў, то пачаў пагражаць: «Ты стары дзед, а варта было б табе даць як сьлед», і нешта яшчэ ў такім духу.
Хлопец пакуражыўся і сышоў. Барыс Хамайда адзначае, што нічога падобнага зь ім не здаралася ўжо года паўтара. На ягоную думку, такая неапраўдана агрэсіўная рэакцыя мінака выклікана расейскай прапагандай па тэлебачаньні. А яшчэ й тым, не выключае апазыцыянэр, што ў Віцебску апошнім часам актыўна распаўсюджваюцца небеларускія сымбалі – расейскія і савецкія сьцяжкі, саколкі з выявамі Ўладзімера Пуціна і гэтак далей.