На імпрэзу сабраліся ня толькі вернікі віцебскай габрэйскай грамады і рабіны з ваколічных рэгіёнаў. Шмат гасьцей прыехала зь іншых гарадоў Беларусі і замежжа. Таксама прыйшлі многія звычайныя жыхары Віцебску. Акрамя таго сваю прысутнасьць абазначылі: гарадзкія ўлады ў асобе Пятра Падгурскага (намесьнік кіраўніка гарвыканкаму), кіраўнік Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч і настаяцель Сьвята-Усьпенскага кафедральнага сабора протаіярэй Міхаіл Мартыновіч.
Будаўніцтва сынагогі вялося на працягу двух гадоў на грошы чальцоў мясцовай грамады і ахвяраваньні буйных бізнэсоўцаў. Напрыклад, вялікі ўнёсак зрабіў Леанід Томчын, кіраўнік голдынгу «Аптэка-Груп» і «па сумяшчальніцтве» старшыня Віцебскай юдэйскай суполкі «Дом Ізраілю».
Будынак пабудавалі па арыгінальным, адзіным у сьвеце праекце, над якім працаваў архітэктар Аляксей Федарыстаў супольна з кампаніяй «Вірсен».
Пры ўваходзе ў будынак вернікаў сустракае напісаная на іўрыце залатымі літарамі назва сынагогі – «אוהל דוד» («Охель Давід», «Шацёр Давіда»).
Галоўнае месца, як і належыць культаваму будынку, займае малельная заля, у інтэр'еры якой цесна перапляліся матывы гораду Віцебску (вісяць копіі твораў Марка Шагала з цыклу вітражоў «Дванаццаць плямёнаў Ізраілевых») і каноны артадаксальнай сынагогі. Заля – вельмі сьветлая, з высокімі столямі. Узьнікае адчуваньне, што сапраўды знаходзісься ўнутры шатра. Напэўна, таму сынагога і атрымала адпаведную назву.
Сама ж цырымонія адкрыцьця прайшла маляўніча і яскрава, зрабіўшыся своеасаблівым невялічкім вулічным сьвятам. Па вуліцы Грыбаедава, дзе разьмясьцілася сынагога, паводле старажытнага габрэйскага звычаю хлопчыкі і мужчыны ў кіпах вадзілі карагод, сымбалізуючы такім спосабам сустрэчу маладога і старэйшага пакаленьня.
Затым перад сьвяточнай чырвонай стужачкай выступілі зь вітальнымі словамі дарадца старшыні аблвыканкаму Міхаіл Даніленка, рабін Шлом Злоцкі ды іншыя важныя асобы.
Пасьля пераразаньня стужачкі ў неба былі выпушчаныя сотні яркіх рознакаляровых балёнікаў, што надало імпрэзе яшчэ большую ўрачыстасьць і ўзвышанасьць.
Асноўная ж частка імпрэзы прайшла ўнутры "Шатра Давіда", дзе мелі магчымасьць выступіць многія госьці сьвята.
Завяршылася цырымонія адкрыцьця сьвяточным фуршэтам у двары сынагогі. У тых, хто не адмовіўся выпіць крыху віскі ці соку, была магчымасьць у нязмушанай абстаноўцы выказаць свае думкі і падзяліцца ўражаньнямі ад падзеі.
https://viciebskspring.org/news/svaboda-sumlennja/item/2508-u-vitsebsku-adkryli-novuyu-synagogu-upershynyu-za-bolsh-yak-sto-gadou#sigProId7810e6cb1d
Уладзімер Бяляўскі