Серада, 14 Кастрычнік 2020

Марына Булатоўская пакараная штрафам за падтрымку пратэстоўцаў малітвай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Марына Булатоўская Марына Булатоўская

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 14 кастрычніка суддзя Алена Цыганкова палічыла даказаным удзел Марыны Булатоўскай у не санкцыянаваным уладамі масавым шэсці 23 верасня і аштрафавала маладую маці на 4 базавыя велічыні. Са зместам пратаколу Марына не пагадзілася, але тлумачэнні даць не адмовілася.

Марына Булатоўская заявіла, што не лічыць сябе вінаватай і не згодная з тым, што дапусціла парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах. Марына прыгадала, што кіраўнік вобласці на сустрэчы з грамадскасцю заявіў, што не супраць мірных шэсцяў у Віцебску. Палічыла, што слова Мікалая Шарстнёва дастаткова, каб не мець праблем з законам.

У той дзень Марына, як верніца грэка-каталіцкай царквы, прыйшла падтрымаць малітвай тых грамадзянаў, якія выйшлі на мірны пратэст.

«Я чула, што тых людзей, якія выходзяць, б'юць. Спалохалася, што пасля інаўгурацыі людзі выйдуць. Мае сябры таксама пацярпелі. І я пайшла, каб падтрымаць іх малітвай, каб паглядзець, ці будзе там нешта страшнае. Я, праўда, нядоўгі час там змагла быць, але «Ружанец да Божай міласэрнасці» прачытаць паспела», – патлумачыла Марына Булатоўская.

У руках пратэстоўцаў «сцяг колеру цела і крыві Хрыста» Марына бачыла, а з усіх лозунгаў, якія выгуквалі грамадзяне, запомніла толькі адзін: «Жыве, Беларусь!»

На прадэманстраваным на судзе відэа Булатоўская сябе не пазнала, але гэта не перашкодзіла суду прызнаць жанчыну, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, удзельніцай несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Паводле ч.1, арт. 23.34 суддзя Алена Цыганкова аштрафавала Марыну Булатоўскую на 4 базавыя велічыні (108 рублёў).

С. Горкі