“Я зарэгістраваўся назіральнікам і хацеў прысутнічаць на падліку бюлетэняў, якія развозілі па ўчастках. Іх мусяць падлічыць і падпісаць сябры ўчастковай выбарчай камісіі. Але назіраць за працэсам не было магчымасьці: памяшканьне, дзе месьціцца ўчастак, было зачыненае. Ня ведаю, ці быў нехта ўнутры, ці бюлетэні падпісвалі ў іншым месцы. Такая самая карціна была на ўсіх участках у Воршы. Яны адчыніліся толькі ў 17 гадзін, і працавалі да 19, пакуль там быў дзяжурны сябар камісіі. Так што колькі бюлетэняў было атрымана, калькі іх налічылі, так і застаецца невядомым”, - распавёў Яўген Анішчанка.
Зранку 18 сакавіка на ўчастку №6 ужо было зафіксавана 340 чалавек, якія нібыта выказалі жаданьне галасаваць дома, працягвае актывіст: “Мы дзяжурым на ўчастку папераменна зь Мікалаем Клешчанком, даверанай асобай кандыдата Віталя Тамашэвіча. Яму і паведамілі, што ў першую ж гадзіну галасаваньня запісаліся адразу 340 чалавек, якія хочуць, каб да іх прыехалі са скрыняй. Гэта – амаль трэцяя частка ад колькасьці ўсіх выбаршчыкаў на ўчастку, дужа шмат! Мікалай заявіў, што 23 сакавіка гатовы езьдзіць па хатах разам з прадстаўнкамі камісіі. Але яго адразу папярэдзілі, што месца ў машыне для яго няма. Дык што, калі хоча, няхай езьдзіць сьледам за сябрамі камісіі на сваім уласным транспарце”.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"