Сьведкам парушэньня стаў і праваабаронца Павал Левінаў: “Падчас майго назіраньня на ўчастку №40 у Першамайскім раёне я заўважыў, як жанчына прыйшла галасаваць і пачала пра нешта цішком перамаўляцца зь сябрамі камісіі. Прыслухаўся: аказваецца, яна хацела прагаласаваць ня толькі за сябе. Але тут высьветлілася, што яна ў сьпісах суседняга ўчастку - №39. Жанчына пайшла туды, я за ёй… Пасьпеў якраз убачыць, як ёй выдавалі камплект бюлетэняў для двух асобаў. Усе адзнакі ў іх яна ставіла, нават не заходзячы ў кабіну, а заўважыўшы мяне, пачала хутка складаць паперкі. У выніку ледзьве змагла ўвапхнуць іх у вузкую шчыліну, і ў празрыстай скрыні добра відаць, што складзеныя бюлетэні – гэта не адзін камплект, які мусіць выдавацца асабіста выбаршчыку, а некалькі”.
Вадзіму Кузьміну, які прысутнічаў у якасьці назіральніка на ўчастку №35, што ў Першамайскім раёне, выбарчая камісія адмовілася паведаміць зьвесткі пра колькасьць выбаршчыкаў, колькасьць бюлетэняў і колькасьць тых, хто хоча прагаласаваць на даму.
Вадзім Кузьмін распавядае: “Я напісаў скаргу на імя старшыні ўчастковай камісіі, што ўтойваньне гэтых лічбаў разглядаю як стварэньне магчымасьцяў для парушэньня закону і фальсыфікацыі выбараў. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць адказ старшыні Ігара Керасёва. Ён напісаў літаральна наступнае: “Гэты фальшывы і гнюсна паганы опус я пакідаю без задавальненьня і разглядаю яго як спробу стварэньня перашкодаў для правядзеньня выбараў”.
Гэты “адказ” старшыні ўчастковай камісіі Вадзім Кузьмін накіраваў на разгляд у пракуратуру і абласную выбарчую камісію. Давялося накіраваць туды адразу некалькі скаргаў. Адна зь іх – на сумнеўныя ўмовы захаваньня скрыні для бюлетэняў, працягвае актывіст:
“Участак №35 месьціцца ў доме 25\2 па вуліцы Чкалава, гэта спартова-культурны цэнтар “Адзінства” пры ЖЭУ №21. Уласна ўчастак знаходзіцца ў спартовай залі. Калі яго зачынялі на абедзенны перапынак, я спытаўся, як будзе захоўвацца скрыня. Мне сказалі, што тут і будзе, пад аховай міліцыянта. Я вырашыў дзяжурыць таксама, ужо пад дзьвярыма. І ўбачыў, што а 15:30 да дзьвярэй памяшканьня падыйшоў чалавек з “дыпляматам”. Мне ён сказаў, што ён “мантэр”, а потым пастукаўся, і міліцыянт яго пусьціў унутар! Калі празь некалькі хвілін зьявіліся старшыня і сябры камісіі, я пра гэта ім паведаміў. Старшыня камісіі зноў пачаў папракаць мяне ў грубай форме за “спробы сарваць выбары”. Але як толькі ён зайшоў туды, невядомы чалавек з “дыпляматам” выскачыў з памяшканьня і кінуўся наўцёкі. У памяшканьні, дзе не мусілі знаходзіцца пабочныя асобы, ён прабыў амаль паўгадзіны. Але мне не далі праверыць, ці цэлыя пломбы на скрыні для галасаваньня. І ўвогуле пасьля гэтага інцыдэнту стаўленьне да мяне стала больш жорсткім. Мне нават забаранілі падымацца зь месца, каб нешта ўбачыць на ўчастку”.