Панядзелак, 05 Верасень 2016

У Віцебску «праўладныя» кандыдаты ігнаруюць заплянаваныя сустрэчы, але ладзяць іншыя – у не прызначаных для гэтага месцах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прачытаўшы абвестку на сайце Віцебскага гарвыканкаму, трапіць на сустрэчу з кандыдатам Васілём Чэканам, які балятуецца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, спрабавала ягоная канкурэнтка Алена Шабуня. Аднак знайсьці кандыдата ёй не ўдалося.

«Сустрэча была прызначаная на 17:00 гадзін 24 жніўня. Яна мусіла адбывацца па адрасе вул. Кірава, 11 – гэта заля індустрыяльна-тэхналягічнага каледжу. Але, насуперак абвестцы, сустрэчы ня толькі не было – пра яе ў вучэльні ніхто ня ведаў. Затое давялося пачуць пра іншыя сустрэчы майго канкурэнта, спадара Чэкана: выявілася, ён праводзіў сустрэчу тамсама, на Кірава 11, але 16 жніўня. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую сустрэчу не было. І праводзілася яна, як мне сказалі, раніцай – хаця ў пераліку месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі дакладна пазначана: у залі індустрыяльна-тэхналягічнага каледжу сустрэчы можна прызначаць толькі з 17:00 да 19:00 гадзін», – кажа спадарыня Шабуня.

Даведалася кандыдатка і яшчэ пра адну сустрэчу з выбаршчыкамі свайго канкурэнта Васіля Чэкана. Яна праводзілася 25 жніўня а 12-й гадзіне – у працоўны час – у віцебскай абласной філярмоніі. Паводле адміністратара філярмоніі – а гэтая ўстанова тэрытарыяльна знаходзіцца ў іншай акрузе, Віцебскай-Кастрычніцкай – на сустрэчу склікалі працоўны калектыў. І выступалі перад работнікамі філярмоніі і Васіль Чэкан, і Аляксандар Цацоха, дзейны дэпутат парлямэнту, які балятуецца паўторна па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20.

Аніякай інфармацыі пра сустрэчы з выбаршчыкамі спадара Цацохі на сайце гарвыканкама няма наогул. Што да філярмоніі, то гэтай установы зусім няма ў пераліку месцаў, вызначаных адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну для сустрэч кандыдатаў у памяшканьнях.

Алена Шабуня падрыхтавала скаргу на дзеяньні Васіля Чэкана, які парушае графік прызначаных сустрэч з выбаршчыкамі, а тым часам ладзіць іншыя сустрэчы – прычым у працоўны час і ў месцах, якія не ўваходзяць у пералік дазволеных. Між тым кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а таксама іх давераныя асобы ня маюць права праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў месцах, якія не вызначаныя адмысловымі рашэньнямі раённых адміністрацыяў. Недазволеным прыёмам лічыцца і прызначэньне сустрэчы, якая потым ігнаруюцца самім кандыдатам – бо ў гэты дзень і час там мог бы правесьці сустрэчу з выбаршчыкамі кожны зь ягоных апанэнтаў.

spring96.org

4 камэнтары