Удзельнікі партыйнай школы адзначылі, што да мясцовых дэпутатаў жыхары ставяцца даволі скептычна, і зьмяніць гэткае стаўленьне складана. Бо гэтак званыя дэпутаты ад улады набываюць сваё дэпутацтва не з уласнае ініцыятывы, а таму да сваіх абавязкаў ставяцца абыякава. Тым больш, што грошай за дэпутацтва ня плацяць, ды ільготаў ніякіх.
Згодна з законам дэпутаты мясцовых саветаў фармуюць і разьмяркоўваюць мясцовы бюджэт, карэктуюць падатковую палітыку, сочаць за «сацыяльным пакетам» насельніцтва, вырашаюць надзённыя праблемы, асабліва ў сфэры ЖКГ. Зыходзячы з гэтага, сябры АГП лічаць, што ісьці на выбары трэба абавязкова. З гэткага ж меркаваньня зыходзіць і кіраўніцтва партыі, арганізуючы навучальныя трэнінгі сваім сябрам і прыхільнікам дзеля авалоданьня навыкамі правядзеньня перадвыбарнай і выбарнай кампаніяў.
Актывістка партыі Ірына Яскевіч:
– Прыемна, што на трэнінгі з задавальненьнем прыяжджаюць партыйцы з рэгіёнаў: Воршы, Дуброўна, Мёраў... Гэтым разам у офісе, умяшчальнасьць якога абмежаваная, для віцебчукоў пакінулі ўсяго чатыры месцы. Школа набывае папулярнасьць, і гэта цешыць. А ўся справа ў тым, што заняткі маюць выключна практычную накіраванасьць і непасрэдна адаптаваныя да акалічнасьцяў выбарчай кампаніі.
Вядоўцы трэнінгу праз гульнявыя сытуацыі заахвочваюць навучэнцаў да глыбейшага пранікненьня ў псыхалёгію ўсіх бакоў выбарчага працэсу. Партыйцам цікава было пераўвасабляцца, выконваючы па чарзе ролі чыноўніка, выбарца, дэпутата. І сэнс гэтых пераўвасабленьняў палягае ў выхадзе за рамкі свайго асабістага бачаньня праблемы, якая абмяркоўваецца. Удзельнікі трэнінгу бачаць плённасьць гэткіх заняткаў і выказваюцца за іхны працяг.
Нагадаем, у адпаведнасьці з заканадаўствам мясцовыя выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней як 20 лютага 2018 году. Цэнтральная выбарчая камісіі, зь якой у такіх пытаньнях звычайна пагаджаецца кіраўнік дзяржавы, прапанавала правесьці іх 18 лютага. Такім чынам, афіцыйна выбарчая кампанія распачнецца, найхутчэй, у сярэдзіне лістапада 2017 году.
С. Горкі